На Віцебшчыне пачалася рэгістрацыя ініцыятыўных груп будучых кандыдатаў у дэпутаты
На Віцебшчыне жанчыны не толькі ўзялі на сябе асноўную нагрузку па рабоце ў выбаркамах, але і апынуліся ў авангардзе барацьбы за Саветы. Першы прэтэндэнт на мандат з'явіўся ў абласным цэнтры – гарвыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўную групу па вылучэнні ў якасці кандыдата ў дэпутаты Таццяны Трушанінай, якая мае намер балатавацца ў гарсавет па Чапаеўскай акрузе №9.
Выступаючы на семінары ў Віцебску, кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына нагадала, што падаваць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп можна адразу пасля фарміравання адпаведных выбарчых камісій (але не пазней 14 снежня), аднак збор подпісаў яны павінны ажыццяўляць толькі з 10 снежня па 8 студзеня ўключна.
Вылучацца на мясцовых выбарах можна трыма традыцыйнымі спосабамі – шляхам збору подпісаў, ад палітычных партый і ад працоўных калектываў. Пры гэтым патэнцыйны кандыдат павінен абавязкова пражываць або ажыццяўляць дзейнасць на тэрыторыі таго Савета, дзе ён вылучаецца, альбо працаваць у арганізацыі, якая абслугоўвае жыхароў гэтай акругі.
Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты пройдзе з 9 па 18 студзеня, пасля чаго пачнецца перадвыбарная агітацыя, якая працягнецца па 17 лютага ўключна.
ВАЖНА: На выбарах 18 лютага на Віцебшчыне трэба будзе выбраць 3112 дэпутатаў, у тым ліку 2253 у сельскія і пасялковыя, 133 – гарадскія, 666 – у раённыя Саветы, а таксама 60 дэпутатаў у абласны Савет.