На Віцебшчыне прыступілі да працы абласная камісія па выбарах дэпутатаў ніжняй палаты парламента і 14 акруговых выбарчых камісій

На Віцебшчыне прыступілі да працы абласная камісія па выбарах дэпутатаў ніжняй палаты парламента, а таксама 14 акруговых выбаркамаў, утвораныя 1 верасня. Пакуль члены камісій займаюцца вырашэннем арганізацыйных пытанняў, патэнцыйныя кандыдаты ў народныя абраннікі ўжо могуць падаваць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп, уступаючы ў самы інтрыгуючы этап выбарчай кампаніі.

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты стартуе 8 верасня і завершыцца 7 кастрычніка. У гэты час плануецца правядзенне сходаў працоўных калектываў па гэтым пытанні, з'ездаў палітычных партый, таксама будуць працаваць ініцыятыўныя групы грамадзян па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння прэтэндэнтаў на месца ў парламенце.

На Віцебшчыне ўтвораны 14 акруг, пры гэтым найбольш буйной па колькасці выбаршчыкаў стала Наваполацкая акруга №24, дзе будуць галасаваць 69074 грамадзяніна, а самай малолікаснай — Докшыцкая №22 (56772 выбаршчыка).

Персанальны склад акруговых камісій і аблвыбаркама быў вызначаны адкрытым галасаваннем па кожнай кандыдатуры і зацверджаны на сумесным пасяджэнні прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама. Папярэджваючы абмеркаванне, кіраўнік вобласці Мікалай Шарстнёў нагадаў, што ў гэтым годзе краіна адзначала 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама вядзецца інтэнсіўная падрыхтоўка да 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

— З улікам гэтых важных падзей мы павінны правесці выбарчую кампанію на высокім узроўні, дэмакратычна і адкрыта, выбраўшы ў заканадаўчы орган людзей годных, а галоўнае — якія карыстаюцца павагай і даверам, — адзначыў старшыня аблвыканкама.

Касаючыся бягучага этапу выбарчай кампаніі, Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што правам вылучэння сваіх прадстаўнікоў у склад абласной і акруговых камісій скарысталіся ўсе суб'екты выбарчага працэсу, надзеленыя такім правам. Напрыклад, з 228 прэтэндэнтаў на ўдзел у рабоце акруговых выбаркамаў 74,6% з'яўляюцца членамі грамадскіх аб'яднанняў (у тым ліку партыі вылучылі 47 сваіх членаў, або 20,6%), удзельная вага прадстаўнікоў грамадзян, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў, перавысіла 24%. Выбарчыя камісіі арганізуюць правядзенне выбараў, а таксама кантралююць выкананне заканадаўства, таму да падбору складу такіх фарміраванняў прад'яўляюцца асаблівыя патрабаванні. Важна, каб выбаркамы былі дзеяздольныя і выконвалі ўскладзеныя на іх абавязкі ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам і ў тэрміны, вызначаныя каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў.

Другі раз на выбарах дэпутатаў парламента будзе працаваць абласная тэрытарыяльная выбарчая камісія, якой перададзена частка паўнамоцтваў акруговых выбаркамаў і Цэнтрвыбаркама, уключаючы разгляд выбарчых спрэчак. На Віцебшчыне яна сфарміравана ў максімальным складзе з 13 чалавек, пры гэтым больш за 60% яе членаў дэлегаваны грамадскімі аб'яднаннямі, уключаючы партыі. На першым пасяджэнні аблвыбаркама, якое запланавана на 3 верасня, будуць абраны яго кіраўнікі і вырашаны іншыя арганізацыйныя пытанні.

У склад 14 акруговых камісій абрана 182 грамадзяніны, у тым ліку 132 прадстаўнікі партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў, 47 чалавек вылучаны грамадзянамі. У камісіях будуць працаваць 112 жанчын, 24 дзяржаўныя служачыя, 6 маладых людзей (да 30 гадоў). Як паведаміў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, пры фарміраванні прапаноў аб персанальным складзе камісій, у тым ліку акруговых, праведзены кансультацыі з шэрагам грамадскіх арганізацый, працоўнымі калектывамі, органамі мясцовай улады ў гарадах і раёнах. Вывучаны персанальныя якасці большасці прэтэндэнтаў, пры гэтым улічвалася іх удзел у папярэдніх выбарчых кампаніях і іншых палітычных мерапрыемствах. Члены камісіі павінны быць найбольш працаздольнымі, умець дзейнічаць у камандзе і мець магчымасці забяспечыць дзейнасць фарміравання строга па заканадаўстве, канстатаваў Уладзімір Церанцьеў.

"Віцебскія весці".