На Віцебшчыне пройдзе Беларуска-літоўскі эканамічны форум

Беларуска-літоўскі эканамічны форум пройдзе 7 — 8 чэрвеня ў абласным цэнтры і Воршы.

Літоўскі бізнес праяўляе цікавасць да супрацоўніцтва з віцебскімі партнёрамі ў сферы дрэваапрацоўкі, мэблевай вытворчасці, сельскай гаспадаркі і здабычы даламіту.

Гэтыя і іншыя тэмы магчымай кааперацыі плануецца абмеркаваць падчас XIV Беларуска-літоўскага эканамічнага форуму. Такія мерапрыемствы праводзяцца штогод па чарзе ў Беларусі і Літве з мэтай развіцця і павышэння эфектыўнасці ўзаемадзеяння дзвюх краін па розных напрамках, умацавання і пошуку новых дзелавых кантактаў паміж галіновымі асацыяцыямі і кампаніямі, пашырэння міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, а таксама прэзентацыі эканамічнага патэнцыялу вядучых прадпрыемстваў-таваразвартальнікаў. На гэты раз месцам яго правядзення стане Віцебшчына.

Як паведамілі ў аргкамітэце форуму, у склад літоўскай дэлегацыі ўвойдуць прадстаўнікі кіраўніцтва органаў дзяржаўнага кіравання, Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, бізнес-асацыяцый і прадпрыемстваў шэрагу галін. Свой удзел у дзелавым мерапрыемстве пацвердзілі больш за 100 літоўскіх прадпрымальнікаў і каля 20 кіраўнікоў органаў мясцовага самакіравання Літвы.

Адкрые форум пленарнае пасяджэнне з удзелам прадстаўнікоў урадаў дзвюх краін, дыпламатычнага корпуса, кіраўніцтва Віцебскага аблвыканкама. Затым яго праца будзе арганізавана па секцыях «Супрацоўніцтва ў лёгкай прамысловасці», «Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва», таксама запланавана правядзенне кантактна-кааперацыйнай біржы.

Другі дзень форуму будзе прысвечаны знаёмству з рэгіянальнымі асаблівасцямі развіцця гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці, наведванню мясцовых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, дрэваапрацоўкі, сельскай гаспадаркі і шэрагу іншых галін.

Напярэдадні форуму дэлегацыя літоўскіх бізнесменаў правяла папярэднія перамовы з удзелам кіраўніцтва аблвыканкама і шэрагу кампаній Віцебшчыны, абмеркавала магчымасці рэалізацыі і развіцця ў рэгіёне інвестыцыйных праектаў у розных сферах.

Акрамя таго, з нюансамі і перавагамі вядзення бізнесу на Віцебшчыне дэлегацыя з Літвы азнаёмілася на нядаўна праведзеным VII Міжнародным эканамічным форуме ў Віцебску. Магчыма, дасягнутыя дамоўленасці пяройдуць у практычную плоскасць ужо на XIV Беларуска-літоўскім эканамічным форуме. 

СЯРГЕЙ АНТОНАЎ, "Віцебскія весці".