На Віцебшчыне прайшоў абласны этап адкрытых маладзёжных дэбатаў «Выбірай.by!»
Нагадаем, адкрытыя дэбаты «Выбірай.by!» – гэта новы фармат, які дазваляе юнакам і дзяўчатам у межах дыскусіі прэзентаваць сябе, свае меркаванні і ідэі, абмеркаваць актуальныя для свайго пакалення пытанні, якія тычацца палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сфер жыцця сучаснага беларускага грамадства. Каб прыняць удзел у агульнарэспубліканскім праекце, на абласным этапе, тэма якога «Мірная Беларусь – краіна майго будучага!», сабраліся актывісты БРСМ з усёй Віцебшчыны.
Непасрэдна ў палеміцы прынялі ўдзел дзве каманды па 12 чалавек. Гледачамі, а часам і партнёрамі ў канструктыўным дыялогу стала каля сотні маладзёжных лідараў. Пасля кароткага прадстаўлення капітанамі сваіх паплечнікаў па дыскусіі маладыя людзі ў межах заяўленай тэмы прыступілі да абмеркавання выбарчых сістэм, іх ролі і функцыі ў палітычным жыцці грамадства, формаў узаемасувязі грамадскіх аб’яднанняў і камісій па выбарах. Апаненты прапанавалі адзін аднаму паразважаць над тым, якой павінна быць ідэальная ініцыятыўная група, пра ролю пакалення «next» у маючых адбыцца выбарах Прэзідэнта, а таксама прадставіць сябе ў якасці кандыдата на галоўны пост краіны і коратка сфармуляваць тэзісы, здольныя сагітаваць моладзь галасаваць «за».
Традыцыйна пасля абмеркавання ўдзельнікам дэбатаў эксперты задавалі пытанні. На абласным этапе імі сталі першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Аляксандр Кліцуноў, старшыня пастаяннай камісіі па сацыяльнай сферы, сацыяльнай абароне і справах моладзі аблсавета Галіна Жаланава, старшыня Віцебскай абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Хома, рэктар Віцебскага філіяла міжнароднага ўніверсітэта МІТСО, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Дзядзінкін, в.а. першага сакратара абласнога камітэта БРСМ Дзмітрый Туранок і загадчыца аддзела інфармацыі і маніторынгу абласнога аб'яднання прафсаюзаў Алена Усцінава. Так, Андрэй Белякоў прапанаваў пашырыць сваімі разважаннямі патрыятычны постулат «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!», а Дзмітрый Хома – выказаць свае прагнозы і даць канкрэтныя рэкамендацыі, якія тычацца ролі маладога пакалення ў дынамічным развіцці краіны. Юнакі і дзяўчаты не спасавалі перад сур'ёзнымі патрабаваннямі экспертаў і знайшлі годныя адказы, праявіўшы сябе з творчага боку.
Акрамя адкрытых дэбатаў, актывісты БРСМ і ўсе жадаючыя прынялі ўдзел у флэш-акцыі #ЗаБудущееНезависимойБеларуси: кожны мог зрабіць фота з карткамі-хэштэгамі #НашВыбор, #нашГод, #мояБеларусь і #выбирайBY, каб пасля выкласці здымкі ў Інтэрнэце і далучыцца да агульнарэспубліканскага патрыятычнага маладзёжнага руху.
Наталля Камлёва, «Віцебскія весці». Фота аўтара.