На Віцебшчыне прайшлі мітынгі ў рамках міжнароднай акцыі памяці «У славу агульнай Перамогі»
Ва ўрачыстай абстаноўцы зямлю, сабраную з месцаў пахавання воінаў і партызан, мірнага насельніцтва, з 19 мяшочкаў перасыпалі ў спецыяльную капсулу.
У найбліжэйшы час яна будзе захоўвацца ў Бегамльскім музеі народнай славы. 9 мая наступнага года яе змесціць у крыпту сталічнага Храма-помніка ў гонар Усіх Святых. Такім чынам будуць уз'яднаны ў народнай памяці ўсе, хто змагаўся плячом да пляча, здабываючы агульную Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне.
– Удзел у акцыі пацвярджае нашу ўдзячнасць тым, хто бясстрашна ваяваў, цаной уласнага жыцця абараняў родную зямлю і дараваў нам мірнае неба, – адзначыў старшыня райвыканкама Алег Пінчук. – І мы, нашчадкі пераможцаў, нікому не дамо перапісаць гісторыю і выкрасліць з яе неўміручы подзвіг дзядоў і прадзедаў.
У гады вайны на тэрыторыі Докшыцкага і Бегамльскага раёнаў, якія пазней былі аб'яднаны, загінула каля 20 тысяч чалавек. Падрастаючае пакаленне дапамагае дарослым падтрымліваць у парадку 18 воінскіх пахаванняў, дзе спачываюць героі. Яшчэ адно месца на карце раёна мае вельмі важнае гістарычнае значэнне – мемарыяльны комплекс «Шунеўка».
Майскім ранкам 1943 года фашысцкія захопнікі акружылі вёску, сагналі 66 мясцовых жыхароў у хлеў і падпалілі. Тых, хто спрабаваў уцячы з вогненнай палону, дабівалі кулямётнымі чэргамі. А маленькіх дзяцей кінулі ў глыбокі калодзеж. Вёска пасля вайны так і не адрадзілася.
– Шунеўка – адна з трох тысяч вёсак Віцебшчыны, знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны, – падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Ягораў. – Гэта наш незмывальны боль і вечная памяць аб тых, хто безвінавата пацярпеў у тыя суровыя гады.
Мітынгі ў рамках міжнароднай акцыі «У славу агульнай Перамогі» на працягу тыдня праходзілі ля мемарыялаў, устаноўленых на тэрыторыі пяці сельсаветаў, а таксама ў райцэнтры.
Свайго роду фінальны акорд праведзенай працы адбыўся ў Шунеўцы ля помніка «Праклён фашызму», які ўзвышаецца над адноўленымі фундаментамі спаленых дамоў. На памятным мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі райваенкамата, грамадскіх аб'яднанняў, раённага савета ветэранаў.
Ва ўрачыстай абстаноўцы ветэран Вялікай Айчыннай вайны Валянцін Іванавіч Якушэўскі, Алег Пінчук і навучэніца Крулеўшчынскай сярэдняй школы Лізавета Ліннік, узнагароджаная дыпломам I ступені за ўдзел у рэспубліканскай канферэнцыі «І памятае свет выратаваны», узялі зямлю з памятнага месца.
Святары здзейснілі малітву аб загінулых, асвяцілі мяшэчкі з зямлёй, пасля чаго ваенны камісар Докшыцкага раёна падпалкоўнік Віталь Ляснічэнка перасыпаў яе ў капсулу.
Удзельнікі мітынгу хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых, усклалі кветкі да манумента.
***
Аналагічнае мерапрыемства прайшло ў Глыбокім, у парку Перамогі. Ва ўрачыстым шэсці да брацкай магілы воінаў і партызан, якія ўдзельнічалі ў вызваленні, прайшлі прадстаўнікі ўсіх сельскіх Саветаў. Напярэдадні быў здзейснены забор зямлі з 32 месцаў пахавання, пяць з якіх знаходзяцца ў межах горада.
На мерапрыемства былі запрошаны прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб'яднанняў, моладзь і, безумоўна, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Да вясны наступнага года капсула са свяшчэннай зямлёй будзе захоўвацца ў Глыбокскім гісторыка-этнаграфічным музеі.
***
Шаркаўчане таксама прынялі актыўны ўдзел у міжнароднай акцыі. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Стома адзначыла, што на тэрыторыі раёна ў гады вайны было пахавана каля 2,5 тыс. чалавек. Пераважна гэта былі мірныя жыхары.
У рамках акцыі «У славу агульнай Перамогі» забор зямлі ажыццёўлены з 11 воінскіх пахаванняў, шэсць з якіх – брацкія і індывідуальныя магілы воінаў Чырвонай арміі.
Пасля завяршэння мітынгаў капсула з зямлёй некаторы час будзе захоўвацца ў музеі Вялікай Айчыннай вайны Германовіцкай сярэдняй школы.