На Віцебшчыне прайшлі планавыя заняткі па тэрытарыяльнай абароне
У тэарэтычнай частцы падведзены вынікі работы за мінулы год і вызначаны задачы на бягучы. Як адзначыў першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч, 2017-ы з поўным правам можна занесці ў актыў. Сілы тэрытарыяльнай абароны Віцебшчыны паспяхова ўдзельнічалі ў сумесным стратэгічным беларуска-расійскім вучэнні «Захад-2017», за што атрымалі высокую ацэнку Генеральнага штаба. У прыватнасці, вызначыўся Глыбоцкі раён, дзе сфарміраваны са 179 ваеннаабавязаных запасу батальён годна справіўся з пастаўленымі задачамі.
Не менш напружаным будзе і 2018 год. Структурам тэрытарыяльнай абароны Віцебскай вобласці трэба будзе ўдзел у камандна-штабных вучэннях Узброеных Сіл Беларусі. На базе Віцебскага раёна пройдзе паказальнае заняцце па пытаннях кіравання тэрытарыяльнай абаронай падчас дэстабілізацыі абстаноўкі. Захаваецца практыка планавых і раптоўных праверак.
З дакладам аб выніках работы і напрамках удасканалення тэрытарыяльнай абароны выступіў ваенны камісар Віцебскай вобласці Руслан Шкодзін. Таксама адбылося ўзнагароджанне тых, хто вызначыўся ў мінулым годзе.
На палігоне ў Лосвіда прайшлі спаборніцтвы па кулявой стральбе з пісталета Макарава на прызы старшыні аблвыканкама, прысвечаныя 100-годдзю Узброеных Сіл Беларусі. Удзельнічалі 23 каманды, якія складаліся з кіраўніка выканкама, ваенкама і службовай асобы, адказнай за пытанні тэрытарыяльнай абароны. Першае месца заняла каманда Глыбоцкага райвыканкама, якая набрала 64 балы з 90 магчымых. У яе складзе выступалі першы намеснік старшыні райвыканкама Іосіф Пачкоўскі, ваенком Сяргей Краснодубскі, галоўны спецыяліст упраўлення справамі Аляксандр Уткін.
На два ачкі адстала каманда Віцебскага аблвыканкама (першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч, ваенны камісар Віцебскай вобласці Руслан Шкодзін, кіраўнік справамі аблвыканкама Аляксандр Сысоеў). Трэцяе месца ў Лепельскага райвыканкама (старшыня райвыканкама Барыс Ефрэмаў, в.а. ваенкама Аляксей Яўстаф'еў, галоўны спецыяліст упраўлення справамі Сяргей Тухта).