На Віцебшчыне рэалізавана 140 гуманітарных праектаў з замежнай дапамогай
У вобласці за апошнія гады рэалізавана 140 гуманітарных праектаў сацыяльнай накіраванасці з прыцягненнем больш за 7 млрд рублёў замежнай бязвыплатнай дапамогі, паведаміла начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Вера Астапенка.
Будаўніцтва будынка працоўных майстэрняў для сацыяльна-працоўнай рэабілітацыі інвалідаў у Лепельскім раёне вядзецца за кошт сродкаў міжнароднага дабрачыннага таварыства «Экабудаўнік» (Германія), якое выдзеліла на гэтыя мэты 400 тыс. еўра.
На 5 гадоў заключаны дагавор з Міжнародным грамадскім аб'яднаннем «Дапамажы людзям» (Нідэрланды), з дапамогай якога для аддзялення кругласутачнага знаходжання Шумілінскага раёна пабудавана пральня (28 тыс. еўра). Яны ж рэалізуюць сельскагаспадарчыя праекты на базе двух сацустаноў вобласці, забяспечваючы неабходнай прадукцыяй, метадычнай літаратурай, ажыццяўляючы кансультаванне і кантроль.
Дзякуючы рэспубліканскаму фонду дапамогі «Дапаможам ім жыць» (Італія) у Аршанскім аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў зроблена прыбудова пад спартыўную залу з трэнажорамі (30 тыс. еўра).
Шмат праектаў рэалізуецца разам з дабрачынным каталіцкім таварыствам «Карытас» Віцебскай епархіі. На гэты год іх запланавана больш чым на 100 тысяч еўра, і 70% ужо выканана. У межах адаптацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі да працоўнай дзейнасці ў тэрытарыяльных цэнтрах «Карытас» абсталюе швейныя майстэрні, участкі аператыўнай паліграфіі, пральні, будуе цяпліцы.
– У Аршанскім доме-інтэрнаце дзякуючы грамадству будуць вырабляць тратуарную плітку. Таксама рыхтуецца праект на суму 32 тысячы еўра для адкрыцця ў Бабінічах Віцебскага раёна цэхаў па дрэваапрацоўцы, – расказала Вера Астапенка.
Алена Алімава, «Віцебскія весці».