На Віцебшчыне з 4 па 8 жніўня можна будзе датэрмінова прагаласаваць на 729 выбарчых участках
Паводле звестак ЦВК, усяго на Віцебшчыне 849472 выбаршчыкі. У перыяд датэрміновага галасавання ўчасткі будуць працаваць з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзін. Для гэтага выкарыстоўваюцца асобныя скрыні, прычым аддаць свой голас датэрмінова можна толькі ў памяшканні выбарчага ўчастка. Выбаршчыкі ўжо могуць удакладніць звесткі, унесеныя ў спісы для галасавання на выбарчых участках. Навучэнцы і студэнты ўключаюцца ў спісы па пастаянным месцы жыхарства. Гэта правіла не тычыцца тых з іх, хто працуе ў студэнцкіх атрадах і пры гэтым жыве ў інтэрнатах.
Пры атрыманні бюлетэня грамадзянін ставіць подпіс у спісе выбаршчыкаў і ўказвае дату датэрміновага галасавання. Бюлетэнь выдаецца пры прад'яўленні акрамя пашпарта таксама ваеннага білета (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), службовага пасведчання работніка дзяржоргана, вадзіцельскіх правоў, пенсійнага або пасведчання інваліда (пры наяўнасці ў ім фатаграфіі), студэнцкага білета, даведкі органа ўнутраных спраў, якая пацвярджае асобу грамадзяніна (у выпадку страты або крадзяжу пашпарта).
Першыя групы доўгатэрміновых назіральнікаў ад СНД на выбарах Прэзідэнта ўжо прыступілі да працы ў рэгіёнах. Як паведаміў кіраўнік штаба місіі Віктар Гумінскі, з-за эпідэміялагічнай сітуацыі назіральнікі пачынаюць маніторынг з агітацыйнага перыяду. Яны вывучаць гатоўнасць участкаў для галасавання, выбарчых камісій, будуць весці назіранне падчас датэрміновага галасавання і ў асноўны дзень выбараў.