На Віцебшчыне за выхадныя патанулі тры рыбакі

На Витебщине за выходные утонули три рыбака

На Віцебшчыне за мінулыя выхадныя патанулі тры аматары падлёднай рыбалкі, паведамляе МНС.

Першы няшчасны выпадак адбыўся ўвечары 7 сакавіка на возеры Асвейскае ў Верхнядзвінскім раёне. Тут пад лёд праваліліся 4 чалавекі. Двое змаглі выбрацца самастойна, а іх таварышы - жыхары Полацка і Наваполацка - патанулі. Тыя, хто выжыў, з дыягназам "агульнае пераахаладжэнне" паступілі ў бальніцу.

Наступнае няшчасце адбылося ўдзень 8 сакавіка на рацэ Друйка каля вёскі Дубкі Браслаўскага раёна. Відавочца паведаміў у МНС пра чалавека, які тануў. Высветлілася, што ў палонцы на адлегласці каля 40 метраў ад берага пры лоўлі рыбы патануў жыхар Браслаўскага раёна. Пазней вадалазы знайшлі яго цела.

У МНС перасцерагаюць: калі нулявая тэмпература трымаецца даўжэй трох дзён, то трываласць лёду памяншаецца на 25%, а калі на ім з'яўляецца вада, то грузападымальнасць памяншаецца ў 2-3 разы. Сёння лёд на вадаёмах вельмі тонкі - 3-5 см. Выходзіць жа на яго можна пры ўмове, што таўшчыня дасягае не менш за 10 см.