На віцебскіх гаражах намалявалі гарадскі герб і княгіню Вольгу

На витебских гаражах нарисовали городской герб и княгиню Ольгу

У Віцебску 14 верасня ў чацвёрты раз прайшло свята вулічнага мастацтва "Гравітацыя-2013". Як заўсёды, у ім маглі прыняць удзел не толькі мясцовыя майстры стрыт-арта, але і мастакі з іншых гарадоў Беларусі. У гэты раз адгукнуліся хлопцы з Гомеля, Мінска і Брэста.

Калі ў мінулыя гады ўдзельнікі "Гравітацыі" малявалі на вялікіх лістах ДВП каля ратушы ці ў двары "Еўрапейскага клуба", то ў гэты раз ім па-сапраўднаму было дзе разгарнуцца – пад графіці адвялі закінутыя гаражы на вуліцы Жасткова.

Як распавёў арганізатар мерапрыемства Раман Варонаў, эскізы работ загадзя ўзгаднілі з ЖЭУ-25, на чыёй тэрыторыі знаходзяцца гаражы, а таксама з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама.

На кожнай "Гравітацыі" мастакі ўвасабляюць пэўную тэму. Так, у папярэднія гады трэба было выявіць "Еўрапейскі Віцебск", праблему інтэрнэт-залежнасці сучаснай моладзі. Тэмай сёлетняга фестывалю стаў "Віцебскі арнамент".

Вядомы ў горадзе майстар вулічнага графіці, якога ведаюць пад нікам Ура, намаляваў трамвай – адну з славутасцяў Віцебска. Мастак з Гомеля вырашыў выявіць легендарную заснавальніцу горада на Дзвіне – княгіню Вольгу. Яна ў яго атрымалася ў стылі фэнтэзі, з мячом у руках і з сінімі прамянямі з вачэй. А вось мінскія мастакі працавалі над старажытным віцебскім гербам. Праўда, геральдычны сімвал у іх таксама атрымаўся стылізаваным. Адным з херувімаў мінчане вырашылі намаляваць у сукенцы, а другога – з вусамі. Яшчэ адзін аўтар многіх віцебскіх графіці Прадзід – аматар маштабу, таму ён працаваў асобна ад усіх. Яго карціна заняла ўражлівую плошчу на гаражнай сцяне.