На Віцебскай ГЭС 26 ліпеня пачнуць будаваць асноўныя збудаванні

На Витебской ГЭС 26 июля начнут строить основные сооружения

На Віцебскай ГЭС выкананы падрыхтоўчыя работы: у прыватнасці, пабудаваны абыходны канал, па якім перанакіравалі ваду, перакрыта рэчышча ракі, дзейнічае пад'язная дарога, створана астатняя інфраструктура. Хутка будаўнікі возьмуцца за асноўныя збудаванні. Ужо капаюць катлаван, дзе прыступяць да бетанавання для збудавання плаціны.

У суботу, 26 ліпеня, а 14.00 тут пройдзе мерапрыемства, якое азнаменуе адкрыццё гэтых работ, будуць заліты першыя кубы бетону.

Гідраэлектрастанцыя будуецца на Заходняй Дзвіне, недалёка ад Віцебска, і абяцае стаць наймагутнейшай у Беларусі.

- Аб'ект павінен уводзіцца ў 2017 годзе, - распавёў парталу "Архітэктура і будаўніцтва" начальнік упраўлення будаўніцтвам ГЭС філіяла Віцебскіх электрычных сетак РУП "Віцебскэнерга" Іван Пугачоў. - Віцебская ГЭС у год будзе выпрацоўваць 138 мільёнаў кілават. Для параўнання: гадавое спажыванне Віцебскага раёна - 105 мільёнаў.

Плануецца, што ГЭС разам з Полацкай, Бешанковіцкай і Верхнядзвінскай увойдзе ў каскад станцый. Полацкая таксама будуецца, заключаны дагавор з расійскай кампаніяй. Астатнія знаходзяцца на стадыі заключэння дагавора.

У стварэнні Віцебскай ГЭС удзельнічаюць партнёры з КНР. Іван Пугачоў распавёў, што ўзаемадзеянне з імі адбываецца штодня, кітайскі бок выконвае ўсе свае абавязацельствы, сярод якіх, напрыклад, забеспячэнне будаўнічымі матэрыяламі, у тым ліку беларускай вытворчасці. Па кантракце, на 30% ад яго кошту да працы павінны быць прыцягнуты беларускія падрадчыкі. Кантракт на будаўніцтва быў заключаны з кітайскай нацыянальнай карпарацыяй па электраабсталяванні CNEEC.

У далейшым, пасля работ па плаціне, на пляцоўцы будуць весціся работы па ложы вадасховішча, берагаўмацаванне.

На сённяшні дзень у Беларусі ГЭС адводзіцца важная роля - як альтэрнатыве дарагім вуглевадародам. У энергасістэме краіны працуюць каля 20 гідраэлектрастанцый.

Ірына Шагалеева, Архітэктурна-будаўнічы партал