На ўзвядзенне спорткомплекса ў Лужаснянскай гімназіі накіравана каля Br12,5 млрд.

7 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за Br12,5 млрд. накіравана на будаўніцтва спартыўнага комплексу ў Лужаснянскай школе-інтэрнат-гімназіі для здольных і таленавітых дзяцей. Комплекс стане самым буйным спартыўным аб'ектам у Віцебскай вобласці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар установы адукацыі Уладзімір Шыцько. Будаўніцтва прадугледжана дзяржпраграмай "Дзеці Беларусі". Агульная плошча комплексу складае каля 6 тыс. кв.м, ён уключае ў сябе крыты спартыўны зал (1 тыс. кв.м) на 300 гледачоў, плавальны басейн (5 дарожак па 25 м), 2 трэнажорныя і тэнісны залы, більярдную, а таксама 10 раздзявалак для спартсменаў і іншыя дапаможныя памяшканні. "Спорткомплекс адпавядае патрабаванням, якія прад'яўляюцца да гульнявых пляцовак, і дазваляе праводзіць на яго базе спаборніцтвы самага высокага ўзроўню, уключаючы міжнародныя", - лічыць Уладзімір Шыцько. Разам з тым у першую чаргу комплекс будзе выкарыстоўвацца ў якасці трэніравальнай базы для навучэнцаў па гульнявых відах спорту (валейбол, баскетбол, гандбол) і плаванні. Акрамя таго, на базе гімназіі завершана мадэрнізацыя спартыўнага мястэчка пад адкрытым небам, дзе арганізаваны пляцоўкі для заняткаў валейболам, баскетболам і хакеем. На футбольным полі ўкладзены штучны газон, прадастаўлены Беларускай федэрацыяй футбола. Гэта дазваляе фактычна круглы год займацца гэтым відам спорту. У перспектыве Лужаснянская гімназія плануе развіваць спартыўны напрамак і займацца падрыхтоўкай будучых спартсменаў. У мінулым навучальным годзе ў гімназіі ўжо сфарміраваны два спартыўныя класы па футболе і баскетболе, у гэтым годзе набраны яшчэ 5 спорткласаў, у тым ліку па валейболе, гандболе, плаванні. "Мы актыўна працуем са спартыўнымі федэрацыямі па камплектаванні трэнерскага складу, падбіраем дзяцей, якія праявілі сябе ў спорце, і даём ім магчымасць рэалізаваць сябе", - падкрэсліў Уладзімір Шыцько. Спартыўны комплекс, штучнае футбольнае поле і іншыя аб'екты дазволяць зрабіць Лужасна своеасаблівым спартыўным прыгарадам Віцебска, дадаў ён.-0-