На званне гімна Віцебска прэтэндуюць больш за 30 работ
24 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 30 работ прэтэндуюць на званне гімна Віцебска, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Віцебскага гарвыканкама.
Свае творы на конкурс даслалі аўтары і калектывы аўтараў з Віцебска, Верхнядзвінска і Лёзненскага раёна. Высокую зацікаўленасць да конкурсу праявілі жыхары абласнога цэнтра: ім належыць больш за палову ўсіх работ. Пры гэтым узрост удзельнікаў дастаткова шырокі - ад студэнтаў да людзей пажылога ўзросту. Адметны і той факт, што многія аўтары спрабуюць свае сілы ўжо другі раз, бо ў першым туры конкурсу ніводная з дасланых работ не змагла заваяваць бязмежныя сімпатыі членаў журы.
Арыгінальнасць, мастацкую і духоўную каштоўнасць усіх прадстаўленых работ журы ацэніць у бліжэйшы час. Вынікі конкурсу будуць агучаны ў канцы лютага.
Па ўмовах конкурсу, удзельнікам неабходна стварыць запамінальны, патрыятычны, урачысты твор, які адлюстроўвае індывідуальнасць і гісторыка-культурную каштоўнасць Віцебска. На разгляд журы можна прадставіць тэкст на беларускай мове, музыку або гатовы гімн (тэкст і ноты). Арганізатарам конкурсу выступае Віцебскі гарвыканкам.-0-