Назіральнікі АБСЕ ў Бешанковіцкім раёне адзначаюць спрыяльныя ўмовы для сваёй працы

19 снежня, Бешанковіцкі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Назіральнікі місіі АБСЕ ў Бешанковіцкім раёне адзначаюць спрыяльныя ўмовы для сваёй працы. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА распавялі кароткатэрміновыя назіральнікі місіі Гульнара Турсынбаева (Казахстан) і Чэйз Фостэр (ЗША). Па словах Гульнары Турсынбаевай, інструкцыі, распрацаваныя АБСЕ для назіральнікаў, не дазваляюць рабіць ім якіх-небудзь каментарыяў да афіцыйнага абвяшчэння выніковай справаздачы. Разам з тым абодва назіральнікі адзначылі: "Нам камфортна працавалася на ўсіх участках, дзе мы пабывалі ў Бешанковіцкім раёне". Чэйз Фостэр упершыню ў Беларусі і не хаваў свайго захаплення краінай. "Мінск скарыў мяне сваёй чысцінёй, шырокімі вуліцамі і вялікай колькасцю будоўляў. Я бачыў замерзлыя рэкі і заснежаныя лясы - гэта так прыгожа", - сказаў ён. Амерыканец не застаўся абыякавым да нацыянальнай беларускай кухні. Як аказалася, дранікі ён спрабаваў яшчэ дома ў Амерыцы, а вось боршч, салянка і галубцы сталі адкрыццём і вельмі спадабаліся. Аднак найбольшае ўражанне на назіральнікаў зрабілі жыхары краіны. "Гасцінныя, добразычлівыя, адкрытыя людзі", - у адзін голас сказалі Гульнара Турсынбаева і Чэйз Фостэр. На думку апошняга, яго суайчыннікам было б вельмі цікава больш даведацца пра Беларусь і пабываць тут. "Калі я вярнуся дадому, то ўсім сваім сябрам і знаёмым распавяду пра Беларусь і папрашу сюды прыехаць", - паабяцаў ён. Назіральнікі АБСЕ наведалі некалькі ўчасткаў у Бешанковіцкім раёне. Яны азнаёміліся з працай участковых камісій, назіралі за ходам галасавання, пагутарылі са старшынямі і членамі камісій.-0-