Назіральнікі ад СНД за прэзідэнцкімі выбарамі прыступілі да працы ў Віцебскай вобласці
19 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Назіральнікі ад СНД за прэзідэнцкімі выбарамі сёння прыбылі для працы ў Віцебскую вобласць, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Віцебскай абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Крук.
Знаёмства з ходам выбарчай кампаніі ў рэгіёне назіральнікі пачалі з тэрытарыяльных камісій па выбарах, прычым яны не абмежаваліся Віцебскам і выехалі ў сельскія раёны.
Па словах Вячаслава Крук, выбарчая кампанія ў вобласці праходзіць па-дзелавому, спакойна. "Ніякіх скаргаў у адрас абласной камісіі не паступала", - сказаў ён.
У вобласці сфарміравана 911 участкаў для галасавання па выбарах Прэзідэнта Беларусі. У воінскіх часцях будуць працаваць два ўчасткі для галасавання, у санаторыях, бальніцах, дамах адпачынку і прафілакторыях - 50.
У рэгіёне працуюць 28 тэрытарыяльных камісій па выбарах Прэзідэнта, у тым ліку адна абласная, 21 раённая, тры гарадскія ў гарадах абласнога падпарадкавання, тры раённыя ў Віцебску. У іх складзе працуюць 364 чалавекі. Больш за палову з іх прадстаўляюць грамадскія аб'яднанні і палітычныя партыі, 27,7% - вылучаны грамадзянамі шляхам збору подпісаў, 19,8% - працоўнымі калектывамі. У склад камісій уваходзяць члены Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", КПБ, Ліберальна-дэмакратычнай партыі, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Больш за 60% членаў камісій - жанчыны, 9,1% складае моладзь да 30 гадоў.-0-