Пачалася рэканструкцыя Сафійскага сабора ў Полацку
14 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Пачалася рэканструкцыя Сафійскага сабора ў Полацку, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Вольга Барадзіч.
Праект рэстаўрацыі разлічаны на тры гады і ўключае замену страпільнай сістэмы, сталярныя работы па змене аконных блокаў, рамонт фасада і адмосткі. Фінансаванне работ будзе весціся з рэспубліканскага бюджэту.
На першым этапе будзе праведзены рамонт даху. Плануецца, што на працягу лета будаўнікі з гэтымі работамі справяцца. Як падкрэсліла Вольга Барадзіч, толькі на гэты час доступ у музей, які адначасова з'яўляецца і канцэртнай залай, будзе закрыты. Разам з тым экскурсіі, праўда, віртуальныя, па музеі працягнуцца. Мультымедыйныя прэзентацыі будуць праходзіць у музеі беларускага кнігадрукавання.
Сафійскі сабор з'яўляецца помнікам архітэктуры сярэдзіны XI - сярэдзіны XVIII стст. Пабудаваны на высокім беразе Заходняй Дзвіны, ён з'яўляецца адным з самых ранніх храмаў Старажытнай Русі нароўні з Кіеўскім і Ноўгарадскім Сафійскімі саборамі і самай старажытнай мураванай пабудовай на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Полацкі храм некалькі разоў перабудоўваўся. У XV стагоддзі ў яго з'явіліся рысы храма-крэпасці, а ў XVIII стагоддзі пад уплывам віленскага барока быў цалкам зменены знешні выгляд праваслаўнага храма. Цяпер ад храма XI стагоддзя засталіся невялікія фрагменты апсіднай часткі і фундамента. Як музей Сафійскі сабор існуе з 1987 года. Экспазіцыйная плошча складае 870 кв.м. Экспанаты музея распавядаюць пра гісторыю архітэктуры, пра шматлікія перабудовы, рамонты і апошнюю рэстаўрацыю помніка, якая праходзіла ў канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя.
Канцэртная зала ў Сафійскім саборы была адкрыта ў 1983 годзе, разлічана на 304 месцы. У канцэртнай зале Сафійскага сабора штогод у красавіку і лістападзе праходзяць фестывалі старадаўняй і сучаснай камернай і арганнай музыкі, кожную нядзелю - канцэрты арганнай музыкі.-0-