Начальнік аддзела філіяла Транспартнай інспекцыі па Віцебскай вобласці асуджаны за хабар
11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік начальніка філіяла — начальнік аддзела ліцэнзавання і кантролю за транспартнай дзейнасцю філіяла Транспартнай інспекцыі па Віцебскай вобласці Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі асуджаны на 6,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў Генеральнай пракуратуры Беларусі.
Чыноўнік прызнаны вінаватым у атрыманні хабару (ч. 2 арт. 430 КК Беларусі). Як устаноўлена ў ходзе папярэдняга расследавання, са снежня 2006 года па снежань 2008 года ён неаднаразова атрымліваў хабары ад грамадзян і прадстаўнікоў прыватных прадпрыемстваў за выкананне ў іх інтарэсах загадзя незаконных дзеянняў, якія ён здзяйсняў з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў.
У прыватнасці, за хабар у $300 ён дапамог паскорыць рэгістрацыю аўтамабіля ў якасці таксі і выдачу ліцэнзійнай карткі без фактычнага тэхнічнага агляду, за $1,5 тыс. не прыняў належных мер па выяўленні і адпаведным афармленні парушэнняў транспартнай дзейнасці ў адным з прыватных прадпрыемстваў абласнога цэнтра, за $700 выдаў фіктыўныя даведкі, неабходныя для прадстаўлення ва УДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама, аб факце эксплуатацыі аўтамашыны ў якасці таксі.
Усяго за названы перыяд начальнік аддзела за вырашэнне падобных пытанняў прыняў хабары на агульную суму $3,9 тыс. і 300 еўра.
Прыгавор уступіў у законную сілу. -0-