Начальнік аддзела УДФР КДК па Віцебскай вобласці асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі за атрыманне хабару

17 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Начальнік аддзела папярэдняга расследавання УДФР КДК па Віцебскай вобласці асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі за атрыманне хабару. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Генеральнай пракуратуры Беларусі. Як устаноўлена ў ходзе папярэдняга расследавання, Лашкевіч А.П., выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы ў мэтах асабістага ўзбагачэння, 14 лістапада 2008 года атрымаў праз пасрэднікаў хабар у суме $5 тыс. за спрыяльнае вырашэнне пытанняў аб садзейнічанні ў спыненні праверкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці двух індывідуальных прадпрымальнікаў, накладанні на іх мінімальных штрафных санкцый, вяртанні камп'ютарнага дыска з данымі кліентаў, а таксама за непрыцягненне аднаго з іх да крымінальнай адказнасці. Судом Кастрычніцкага раёна Віцебска Лашкевічу прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 10 гадоў з адбываннем у папраўча-працоўнай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці, а таксама пазбаўленнем права займаць кіруючыя пасады ў праваахоўных органах на 5 гадоў. Акрамя таго, па дадзенай крымінальнай справе да чатырох з паловай гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу асуджаны яшчэ адзін грамадзянін за падбухторванне да дачы хабару ў буйным памеры і пасрэдніцтва ў хабарніцтве. Прыгавор уступіў у законную сілу.-0-