Начальнік падраздзялення мінскай фірмы незаконна прысвоіў Br90 млн. выручкі прадпрыемства

15 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Начальнік падраздзялення мінскай фірмы незаконна прысвоіў больш за Br90 млн. выручкі прадпрыемства, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старэйшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па прававым забеспячэнні, інфармацыі і сувязях з грамадскасцю пракуратуры Віцебскай вобласці Ірына Таўтын.

Перыяд плённага для жыхара Віцебска супрацоўніцтва з мінскім ТАА, якое займаецца рэалізацыяй прадуктаў харчавання, алкагольных і безалкагольных напояў, адносіцца да 2009 і 2010 гадоў. Яшчэ будучы індывідуальным прадпрымальнікам, мужчына 1974 года нараджэння ўзяў на рэалізацыю ў прадпрыемства некалькі партый тавару, за які ў наступстве не разлічыўся. Праз некаторы час ён уладкаваўся туды ж начальнікам аднаго з віцебскіх падраздзяленняў. Новае службовае становішча махляр таксама выкарыстаў у асабістых мэтах: па яго ўказанні спецыяліст аддзела паставак афармляла на пэўных індывідуальных прадпрымальнікаў і прыватныя прадпрыемствы таварна-транспартныя накладныя на пастаўку віна, піва, безалкагольных напояў, якія начальнік затым рэалізоўваў сам, а грошы прысвойваў. Агульны незаконны даход, атрыманы ім такім чынам, склаў больш за Br90 млн.

За махлярства і крадзеж маёмасці шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі мужчына асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Прыгавор уступіў у законную сілу. -0-