Начальнік цэха віцебскага прадпрыемства больш за тры гады атрымліваў зарплату за фіктыўнага работніка
19 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Начальнік цэха аднаго з прадпрыемстваў Віцебска больш за тры гады атрымліваў зарплату за фіктыўнага работніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў АБЭЗ Кастрычніцкага РАУС Віцебска.
Карыстаючыся сваім службовым становішчам, начальнік цэха прадпрыемства, што ўваходзіць у склад УП "Віцебскводаканал", у чэрвені 2006 года аформіў на працу свайго знаёмага. Аднак усе абавязкі за яго выконваў іншы рабочы, нават не падазраваючы аб тым, што працуе за дваіх. Зарплату ж за работніка-прывіда рэгулярна да снежня 2009 года па картцы атрымліваў кіраўнік. Такім чынам ён "запрацаваў" Br17 млн.
За крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены ў буйным памеры, у дачыненні да начальніка ўзбуджана крымінальная справа па ч.3 арт. 210 КК Беларусі, якая прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады. -0-