Начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач: «Закон будзе выконвацца тады, калі грамадства само зацікаўлена ў яго рэалізацыі»

Уздымалася пытанне аб неабходнасці прыняцця Кодэкса аб здароўі, які б арыентаваў грамадства на павышэнне адказнасці за ўласнае здароўе і стварэнне на ўзроўні дзяржавы неабходных для гэтага ўмоў. Ці прыйшлі беларусы да гэтага і ці будзе звод нарматыўных дакументаў, аб'яднаны ў адзіны рэгламент па забеспячэнні іх здароўя, эфектыўны? Пра гэта і не толькі наша размова з членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і начальнікам упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Юрыем Дзеркачом.

– Пад кодэксам разумеецца звод законаў, правілаў, накіраваных на захаванне здароўя насельніцтва з улікам намаганняў дзяржавы, працоўных калектываў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, а галоўнае — самой чалавека.

– Гэтыя пытанні ў прынцыпе прадугледжваліся ў рэалізаванай Нацыянальнай праграме дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2011 – 2015 гады, былі дасягнуты дастаткова добрыя вынікі, у тым ліку павелічэнне нараджальнасці за кошт умацавання інстытута сям'і, прэферэнцый у дачыненні да нараджэння дзіцяці і іншых прынятых мер.

Цяпер дзеючая Дзяржаўная праграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016 – 2020 гады адметная тым, што шмат увагі надае менавіта прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў, у тым ліку сістэмы кровазвароту, эндакрыннай і анкалагічнай паталогіі, якія адыгрываюць значную ролю ў структуры прычын смяротнасці насельніцтва. Прафілактычныя меры, накіраваныя на зніжэнне спажывання солі, цукру, выключэнне такіх шкодных фактараў, як тытунекурэнне, ужыванне алкаголю, наркатычных сродкаў, таксама дадуць неабходны вынік.

У нашай краіне і на Віцебшчыне ў прыватнасці рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на зніжэнне фактараў рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў, прафілактыку і ранняе выяўленне анкалагічнай паталогіі, цукровага дыябету, папярэджанне і пераадоленне п'янства, умацаванне інстытута сям'і, папулярызацыю фізічнай культуры і спорту. У выніку гэта павінна сфарміраваць адказнасць грамадзян за сваё здароўе, гатоўнасць грамадства адказаць на пасыл заканадаўчай улады ў прыняцці Кодэкса аб здароўі.

Напрыклад, сёння ў Віцебску створана і працягвае ўладкоўвацца мноства спартыўных пляцовак, у дварах з'яўляюцца вулічныя трэнажоры, у райцэнтрах будуюцца фізкультурна-аздараўленчыя комплексы. Гэтая практычна крокавая даступнасць дазваляе матываваць чалавека да заняткаў фізічнай культурай, і насельніцтва, бачачы тыя рэсурсы, якія можа выкарыстоўваць, паступова ўцягваецца ў актыўны лад жыцця.

Каб быць эфектыўным, новы дакумент аб здароўі павінен мець пад сабой падрыхтаваную глебу. У адваротным выпадку, нават пры наяўнасці матэрыяльна-тэхнічнай базы, высокім узроўні медыцыны і іншых службаў, але пры адсутнасці свядомасці людзей, мы нічога зрабіць не зможам.

– Свядомасць насельніцтва ў гэтым ключы, па вашай ацэнцы, паступова мяняецца?

– Адназначна. Сёння расце ўзровень адукаванасці людзей, а інтэлектуальны патэнцыял – адзін з важных матывацыйных фактараў для захавання здароўя.

Таксама варта разумець, што і ўмовы жыцця мяняюцца на лепшае. Напрыклад, на працягу ўсяго года на нашых сталах свежыя агародніна і садавіна, а некалі зімой карысталіся толькі нарыхтоўкамі, дзе галоўным кансервантам была соль. У арсенале лекараў якасныя лекавыя прэпараты і сучасныя медыцынскія тэхналогіі. Айчыннае ахоўванне здароўя мае шмат напрацовак і дасягненняў па лячэнні такіх сур'ёзных захворванняў, як інфаркт міякарда, інсульт, пухлін рознай лакалізацыі, траўм, мінімізацыі іх негатыўных наступстваў і, як следства, прадухіленні інвалідызацыі. Вынік – паляпшэнне якасці і павелічэнне працягласці жыцця. Калі, напрыклад, да з'яўлення антыбіётыкаў сярэдняя працягласць жыцця не перавышала 40 – 50 гадоў, то цяпер яна дасягае больш за 73.

– Але без медыцынскіх работнікаў многае з гэтага не было б магчымым. Якая сітуацыя з кадрамі ў вобласці? І ці адпавядае колькасць выпускнікоў Віцебскага дзяржмедуніверсітэта і іншых профільных устаноў адукацыі патрэбам рэгіёна?

– Так, галоўнае багацце нашай медыцыны – гэта ведаючыя, допытлівыя і таленавітыя спецыялісты. Сёння ў галіне працуе больш за 6 тысяч урачоў і 15 тысяч работнікаў са сярэдняй медыцынскай адукацыяй.

У выніку праводзімай кадравай палітыкі палепшана забяспечанасць медыцынскімі кадрамі, значна скарацілася іх плынь. Гэта дазволіла ўмацаваць маладымі спецыялістамі першаснае звяно аховы здароўя, укамплектаваць арганізацыі аховы здароўя, асабліва сельскіх раёнаў, урачамі вузкіх спецыяльнасцей. Патрэба ў медыцынскіх кадрах будзе паступова зніжацца.

У рэспубліцы чатыры медыцынскія ВНУ, якія адначасова выпускаюць 3,5 – 4 тыс. спецыялістаў штогод, пры гэтым прагназуемая патрэба ва ўрачэбных кадрах складае ўсяго 2,5 тысячы.

Для Віцебскай вобласці дастаткова папаўнення максімум 170 – 180 урачоў у год, а выпуск Віцебскага медыцынскага дзяржуніверсітэта ў 2 – 3 разы перавышае гэту патрэбу.

Кіраўнік дзяржавы неаднаразова казаў, што мы павінны рыхтаваць тую колькасць спецыялістаў, якая неабходна для эканомікі. Нельга дапусціць, каб выпускнік, атрымаўшы медыцынскую прафесію, не змог працаўладкавацца. Ён будзе вымушаны альбо працаваць не па спецыяльнасці, што для ўрача малаверагодна, а хутчэй, з'едзе ў іншую краіну, дзе знойдзе сабе прафесійнае прымяненне, а гэта ўжо страта для рэспублікі.

Таму зараз перад намі стаіць задача рыхтаваць новыя кадры ў адпаведнасці з наяўным попытам. Так, мы ўжо на працягу трох гадоў праводзім аптымальны набор навучэнцаў у медыцынскія каледжы ў Полацку, Оршы і абласным цэнтры.

У той жа час застаецца актуальным пытанне абуладкавання кадраў. Для гэтага неабходна стварэнне пэўных умоў, у тым ліку забеспячэнне жыллём, развіццё інфраструктуры, што найбольш актуальна для малых гарадоў і сельскай мясцовасці, каб маладыя людзі і іх сем'і маглі там жыць, развівацца, рэалізавацца ў прафесіі і адбыцца як асоба. Гэтым пытанням асаблівую ўвагу надае Прэзідэнт нашай краіны. Мы бачым, як прыгажэюць гарады і пасёлкі, дзе праходзяць «Дажынкі», маштабныя пераўтварэнні праводзяцца ў гарадах Копысь і Барань Аршанскага раёна: будуюцца дзіцячыя сады, мадэрнізуюцца школы, установы аховы здароўя, іншыя важныя для людзей сацыяльныя аб'екты.

– Усё ж адным з вырашальных фактараў для маладога спецыяліста, ды ў прынцыпе любога супрацоўніка, застаецца фінансавае пытанне. За кошт чаго можна дасягнуць устаноўленай кіраўніком дзяржавы да канца года сярэдняй зарплаты ў тысячу беларускіх рублёў на прыкладзе медработнікаў рэгіёна?

– З 2010 года ў вобласці планамерна праводзіцца аптымізацыя галіны аховы здароўя, накіраваная на павышэнне даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі. Аптымізацыя носіць усебакова прадуманы характар, улічвае тэмп эканамічнага развіцця рэгіёна.

Ажыццёўлена аб'яднанне аховы здароўя Віцебска і Віцебскага раёна, Оршы і Аршанскага раёна, Полацка, Полацкага раёна і Наваполацка, што дазволіла за кошт выкарыстання патэнцыялу гарадскіх устаноў аховы здароўя павысіць даступнасць для сельскага насельніцтва розных метадаў дыягностыкі і лячэння, у тым ліку высокатэхналагічных.

Створаны інтэграваныя структуры ўстаноў аховы здароўя, у якіх аб'яднаны амбулаторны і стацыянарны этапы аказання медыцынскай дапамогі. Адным з найбольш буйных стаў Віцебскі абласны дзіцячы клінічны цэнтр. Гэта дазволіла сканцэнтраваць і максімальна эфектыўна рэалізаваць магчымасці кадравага і навуковага патэнцыялу, высокатэхналагічнага абсталявання, медыцынскай рэабілітацыі і аздараўлення дзяцей.

Праведзена рэарганізацыя жаночых кансультацый Віцебска, якія ўвайшлі ў склад абласнога клінічнага радзільнага дома, што дазваляе цэнтралізавана і комплексна праводзіць назіранне за жанчынамі, у тым ліку цяжарнымі, на ўсіх этапах аказання ім медыцынскай дапамогі.

Пры гэтым знікла неабходнасць дубляваць многія дапаможныя падраздзяленні, такія як бухгалтарская служба, планова-эканамічны аддзел, кадравая служба і іншыя.

Праведзена рацыянальнае размеркаванне відаў і аб'ёмаў аказваемай медыцынскай дапамогі на раённым, міжраённым, гарадскім і абласным узроўнях, павышана эфектыўнасць працы ложкавага фонду, што дазволіла за кошт зніжэння выдаткаў на дарагую стацыянарную дапамогу павялічыць фінансаванне амбулаторна-паліклінічнага звяна.

Аптымізацыя і рэструктурызацыя галіны забяспечылі вызваленне рэсурсаў, неабходных для ўвядзення новых эфектыўных відаў медыцынскіх паслуг.

У цяперашні час у практычнай ахове здароўя вобласці ўжываецца больш за 200 высокатэхналагічных метадаў дыягностыкі і лячэння розных захворванняў, што дазваляе скараціць час знаходжання пацыента на бальнічным ложку, дамагчыся лепшых вынікаў лячэння, павысіць экспартаарыентаванасць.

Пазабюджэтная дзейнасць – яшчэ адна крыніца павышэння заработнай платы медработнікаў. У выніку на сённяшні дзень сярэдняя заработная плата ўрача ў нашай вобласці складае амаль 900 рублёў, медыцынскай сястры – 600, санітарак – каля 400 рублёў.

– Якія найбольш значныя законапраекты цяпер разглядаюцца ў камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, куды вы ўваходзіце?

– Адна з самых важных, на мой погляд, разглядаемых тэм датычыцца матывацыі да нараджэння дзяцей і стварэння дадатковых умоў для маладой сям'і. Цяпер разглядаўся законапраект аб тым, каб жанчыны, якія маюць больш за адно дзіця і знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку, атрымлівалі даплаты і на іншых непаўналетніх дзяцей. Паступова дзяржпадтрымка сем'яў з дзецьмі павялічваецца. І гэта як ніколі дарэчы. У Беларусі назіраецца зніжэнне колькасці жанчын актыўнага дэтароднага ўзросту, паколькі ў яго пачало ўступаць малалікае пакаленне 90-х гг. Паступовае зніжэнне ўзроўню нараджальнасці рэгіструецца ва ўсіх рэгіёнах. У нас такую негатыўную тэндэнцыю ўдалося кампенсаваць за кошт павелічэння колькасці нараджэнняў другога, трэцяга і наступнага дзіцяці, у чым не апошнюю ролю адыгрываюць прэферэнцыі для шматдзетных сем'яў.

Акрамя гэтага разглядаецца шмат удакладняючых заканадаўчых дакументаў. Адзначу, што шмат нюансаў у заканадаўстве, на якія звяртае ўвагу само насельніцтва праз дэпутацкі корпус, і прапановы, якія паступілі ад народа, выносяцца на разгляд. Такая зваротная сувязь надзвычай важная. Лічу, што любы закон будзе выконвацца тады, калі грамадства зацікаўлена ў яго выкананні.

Наталля Рыжкова. Фота Антона Сцяпанішчава.

"Віцебскія весці".