Пачаўся прыём заявак на конкурс фестывалю "Віцебскі лістапад-2013"

Начался прием заявок на конкурс фестиваля "Витебский листопад-2013"

Неадменным спадарожнікам восені ў горадзе над Дзвіной з'яўляецца фестываль-свята аўтарскай песні "Віцебскі лістапад". Бардаўскі форум ужо 26 разоў збіраў аўтараў-выканаўцаў, музыкантаў, паэтаў, і кожная восень адкрывала новыя імёны і таленты.

І ў гэту "лістападаўскую" восень арганізатары таксама не адступяць ад сваіх традыцый: выканаўцы аўтарскага жанру будуць змагацца за званне лаўрэатаў у трох намінацыях: "аўтар", "выканаўца", "дуэт". Як паведамілі ў аддзеле рэкламы "Цэнтра культуры "Віцебск", заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца да 15 кастрычніка ўключна па адрасе: Віцебск, вуліца Маякоўскага, 1, каб. 14 (узор заяўкі можна знайсці на сайце www.gck.by).

Першае конкурснае праслухоўванне пройдзе 19 кастрычніка ў 10.00 у "Цэнтры культуры "Віцебск". Паглядзець выступленні ўдзельнікаў зможа любы ахвотны (уваход вольны). Журы ў асобе дасведчаных прадстаўнікоў аўтарскага жанру вызначыць пераможцаў, але іх імёны агучаць толькі на наступны дзень.

20 кастрычніка ў 16.00 на гэтай жа сцэне адбудзецца гала-канцэрт "Музычны праспект", які адкрыецца ўрачыстай цырымоніяй узнагароджання лаўрэатаў конкурсу. Яны выступяць перад гледачамі з нумарамі, якія прынеслі ім перамогу. У другім аддзяленні на сцэне з'явяцца такія вядомыя барды, як Марыя Грушнік (Мінск), Алеся Мядзведзева, Міхаіл Рубін (Віцебск), Наталля Салаўёва (Гродна), Міхаіл Башакоў (Санкт-Пецярбург) і іншыя.

У межах фестывалю 18 кастрычніка пройдзе сольны канцэрт Андрэя Каралёва – віцебскага спевака, паэта, кампазітара, удзельніка многіх музычных конкурсаў і тэлевізійных праектаў. У праграму "У старым горадзе" ўвойдуць лепшыя кампазіцыі барда. 19 кастрычніка гледачы пазнаёмяцца бліжэй з творчасцю беларускіх музыкантаў: у канцэрце "Шэпт восені" возьмуць удзел запрошаныя артысты з Мінска, Брэста, Баранавічаў, Гродна, Оршы і іншых гарадоў.