Пачата вытворчасць створанай віцебскімі вучонымі тэст-сістэмы для дыягностыкі каронавіруса

Віцебскія вучоныя стварылі тэст-сістэму для дыягностыкі каранавіруса і ў аўторак, пасля выпрабаванняў і атрымання дазволу Мінздава, прыступілі да яе вытворчасці. Гаворка ідзе пра спецыялістаў Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, якія па дамове працуюць у ТАА «СІВітал». На гэтым навукова-вытворчым прадпрыемстве, якое ўваходзіць у групу кампаній «Палімерканструкцыя», яшчэ 10 гадоў таму стварылі лабараторыю і наладзілі выпуск «тэстэраў» для вызначэння раку, гепатытаў B, C, D і іншых вірусаў. У няпростай абстаноўцы пандэміі па даручэнні Кіраўніка дзяржавы добра падрыхтаваная навуковая група менш чым за месяц распрацавала тэст-сістэму, якая на працягу паўтары гадзіны дыягнастуе COVID-19.



…У лабараторыях і вытворчых памяшканнях стэрыльная чысціня. Нават паветра і вада паступаюць сюды пасля спецыяльнай апрацоўкі. Навуковы кіраўнік групы Валерый Сямёнаў, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб ВДМУ, узгадвае, што каманда з васьмі чалавек, задзейнічаная ў працы над каранавірусным «тэстэрам», часам працавала па 18 гадзін на дзень:

— Асноўваліся мы на малекулярна-генетычных даследаваннях. Для тэсціравання неабходна перавярнуць РНК віруса ў ДНК. Па такім прынцыпе працуюць усе тэст-сістэмы. Каб «тэстар» быў адчувальны, спецыфічны і не выдаваў памылковых вынікаў, важна правільна выбраць участак віруса, які мутаваў і характэрны менавіта для гэтага штаму, як адбіткі пальцаў для канкрэтнага чалавека. Прааналізаваўшы базы дадзеных, мы з задачай справіліся. Выпрабаванні і атрыманне дазволу — працэдура не менш адказная. Бо абкатка і апрабацыя тэст-сістэмы праходзіла ў тым ліку з інфікаванымі пацыентамі. Мы ўдзячныя Мінздава за дапамогу ў арганізацыі выпрабаванняў.

 


 


Гатовая тэст-сістэма — гэта невялікі герметычны пакет са спецыяльнай фальгі, якая не прапускае ультрафіялетавыя прамяні. У ім, паказвае асістэнт кафедры інфекцыйных хвароб ВДМУ Віктар Гарбачоў, знаходзяцца чатыры пластыкавыя прабіркі з рэагентамі:

— У першай — вада, куды змяшчаецца біялагічны матэрыял пацыента (мазок з носа, насаглоткі). У другой — асноўная сумесь, дзякуючы якой зразумела, што нуклеінавая кіслата каранавіруса знаходзіцца ў біялагічным узоры пацыента. У трэцяй — ферменты і субстраты, неабходныя для працякання рэакцыі. Адзін з асноўных ферментаў асобна змешчаны ў чацвёртую прабірку.

 


Рэакцыя працякае ў ампліфікатары. Такія прыборы ёсць у кожным абласным цэнтры і ў многіх раённых. Адначасова ён можа даследаваць да 96 узораў. Прамень-аналізатар скануе падрыхтаваную сумесь, а вынік бачны на маніторы камп'ютара. Тэст мае трайную сістэму самакантролю, таму памылкі выключаны.


На гэтым тыдні, па словах кіраўніка групы кампаній «Палімерканструкцыя» Сяргея Іванова, «СІВітал» гатовы выпусціць тры тысячы тэст-сістэм:

— У далейшым аб'ём наросцім да 10 тысяч на тыдзень. Тэсты зараз патрэбны ўсюды. Першыя партыі накіруем у Віцебскую і Магілёўскую вобласці. У пытаннях забеспячэння будзем прыслухоўвацца да рэкамендацый Мінздава.

 


 


Даследаванне з дапамогай віцебскай тэст-сістэмы абыдзецца ў 12 рублёў. Паводле даных, якія Сяргей Іваноў бачыў у адкрытым доступе, гэта сёння адна з самых танных прапаноў у свеце:

— Кошт індывідуальных тэстаў у Казахстане даходзіў да 100 долараў, у Кітаі — да 55. Інфармацыі аб кошце масавага тэсціравання ў іншых краінах няма. Што ж тычыцца нашага «тэстера», то пры ўмове павелічэння выпуску і аптымальным выбары пастаўшчыкоў ён можа аказацца яшчэ больш даступным.