«Нафтан» працуе з поўнай загрузкай
28 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. ААТ "Нафтан" працуе з поўнай загрузкай, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама.
Цяпер ААТ "Нафтан" заключаны дагаворы з найбуйнейшымі расійскімі кампаніямі на пастаўку вуглевадароднай сыравіны. З 26 студзеня прадпрыемства працуе ў звычайным рэжыме, з поўнай загрузкай і выконвае сваю асноўную задачу - забеспячэнне ўнутранага рынку Беларусі нафтапрадуктамі. Паводле даных камітэта, нафтаперапрацоўчы завод у дастатковай меры забяспечаны сыравінай, тэхнічныя магутнасці выкарыстоўваюцца максімальна эфектыўна.
Прадпрыемства працягвае планавую рэканструкцыю з удзелам замежных партнёраў і інвестараў. Фінансава-эканамічнае становішча "Нафтана" стабільнае.
Як паведамлялася БЕЛТА раней, ААТ "Полацктранснафта Дружба" мае намер да канца студзеня прапампаваць амаль 150 тыс.т расійскай нафты для ААТ "Нафтан".
Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод (з верасня 2002 года - ААТ "Нафтан") уведзены ў эксплуатацыю ў 1963 годзе. Прадпрыемства ўваходзіць у склад канцэрна "Белнафтахім". Спецыялізуецца на перапрацоўцы вуглевадароднай сыравіны, вырабляе больш за 70 найменняў прадукцыі, у тым ліку бензіны, дызельнае паліва, аўтамабільныя масла. Увесь аб'ём дызельнага паліва вырабляецца па экалагічным стандарце Еўра-4 і Еўра-5. Значная частка прадукцыі пастаўляецца на экспарт.-0-