«Нафтан» з пачатку года інвеставаў у асноўны капітал каля Br160 млрд.

17 чэрвеня, Наваполацк /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. ААТ "Нафтан" з пачатку года асвоіла інвестыцыі ў асноўны капітал на суму каля Br160 млрд, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве. У стадыі рэалізацыі знаходзяцца 22 буйныя інвестыцыйныя праекты. Вядуцца работы па будаўніцтве ўстаноўкі першаснай перапрацоўкі нафты АТ-8, устаноўкі нізкатэмпературнай ізамерызацыі "Пенекс", вакуумнага блока ўстаноўкі вісбрэкінгу. Пачалася рэалізацыя праекта па будаўніцтве ўстаноўкі запаволенага каксавання, што дазволіць павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты да 92-94% і выпускаць дадатковыя аб'ёмы светлых нафтапрадуктаў. Да канца года плануецца скончыць будаўніцтва і ўвесці ў эксплуатацыю пяць аб'ектаў. За перыяд з 2006 па 2009 год інвестыцыі ў асноўны капітал ААТ "Нафтан" склалі каля Br1,2 трлн. Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод "Нафтан" уведзены ў эксплуатацыю ў 1963 годзе, уваходзіць у склад канцэрна "Белнафтахім". Завод спецыялізуецца на выпуску паліўна-алейнай прадукцыі, вырабляе больш за 70 найменняў, у тым ліку алеі, бензіны, дызельнае паліва стандарту Еўра-4 і Еўра-5. Каля 70% прадукцыі пастаўляецца ў краіны СНД, Еўрасаюза, на Блізкі Усход і ў ЗША. У канцы 2008 года да ААТ "Нафтан" далучылася ААТ "Палімір", і быў створаны нафтахімічны комплекс.-0-