«Нафтан» у 2010 годзе пачне вытворчасьць маторных алеяў для скутэраў і газонакасілак

12 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Адкрытае акцыянернае таварыства "Нафтан" у 2010 годзе плануе пачаць вытворчасць і рэалізацыю высакаякасных масел для тэхнікі з двухтактнымі рухавікамі. Аб гэтым паведаміў сёння генеральны дырэктар ААТ "Нафтан" Вячаслаў Якушаў на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Спецыялісты прадпрыемства вывучылі айчынны спажывецкі рынак і прыйшлі да высновы, што пры вялікай рэалізацыі матарызаванага інструмента і малога транспарту ў продажы адсутнічаюць высакаякасныя масла для такой тэхнікі. Такім чынам, "Нафтан" плануе заняць гэту нішу і ўжо ў наступным годзе пашырыць асартымент тавараў народнага спажывання за кошт выпуску масел для бензапіл, газанакасілак, скутэраў, матацыклаў, маторных лодак. Акрамя таго, у наступным годзе прадпрыемства мае намер асвоіць вытворчасць 7 груп масел з высокімі спажывецкімі ўласцівасцямі для аўтамабільных рухавікоў. У студзені-веражні ААТ "Нафтан" вырабіла прамысловай прадукцыі ў супастаўных цэнах на суму больш за Br6,2 трлн. Тэмп росту склаў амаль 120% да такога ж перыяду мінулага года. Спажывецкіх тавараў выраблена на суму Br46,4 млрд. Асартымент спажывецкіх тавараў уключае лакафарбавыя вырабы, аўтамабільныя масла, бітумныя лакі. Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод "Нафтан" уведзены ў эксплуатацыю ў 1963 годзе, уваходзіць у склад канцэрна "Белнафтахім". Завод спецыялізуецца на выпуску паліўна-маслянай прадукцыі, вырабляе больш за 70 найменняў, у тым ліку масла, бензіны, дызельнае паліва стандарту Еўра-4 і Еўра-5. Каля 70% прадукцыі пастаўляецца ў краіны СНД, Еўрасаюза, на Блізкі Усход і ў ЗША.-0-