«Нафтан» у жніўні пачне планавы капітальны рамонт некаторых тэхналагічных установак

2 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Нафтан" з 18 жніўня 2011 года пачынае планавы капітальны рамонт шэрагу тэхналагічных установак, у тым ліку ўстаноўкі па першаснай перапрацоўцы нафты АВТ-6. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе канцэрна "Белнафтахім".

Падобны рамонт праводзіцца адзін раз у тры гады. Згодна з графікам, рамонтныя работы працягнуцца на працягу месяца. Першасная перапрацоўка нафты ў гэты час будзе ажыццяўляцца на ўстаноўцы АВТ-2.

"На пастаўках аўтамабільнага паліва на ўнутраны рынак планавы тэхналагічны рамонт установак ААТ "Нафтан" не адаб'ецца. Назапашаны значныя запасы ўсіх відаў нафтапрадуктаў для рэалізацыі на АЗС", - адзначылі ў канцэрне. Акрамя таго, ААТ "Мазырскі НПЗ", які ў траўні-чэрвені бягучага года праводзіў аналагічны рамонт, у пачатку ліпеня выйшаў на поўную вытворчую загрузку.

Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод (з верасня 2002 года - ААТ "Нафтан") уведзены ў эксплуатацыю ў 1963 годзе. Спецыялізуецца на перапрацоўцы вуглевадароднай сыравіны, вырабляе больш за 70 найменняў прадукцыі, у тым ліку бензіны, дызельнае паліва, аўтамабільныя масла. Увесь аб'ём дызельнага паліва вырабляецца па экалагічным стандарце Еўра-4 і Еўра-5. Значная частка прадукцыі пастаўляецца на экспарт.

Беларускі дзяржаўны канцэрн па нафце і хіміі (канцэрн "Белнафтахім") аб'ядноўвае больш за 60 арганізацый. На яго долю прыпадае звыш 30% прамысловай вытворчасці Беларусі. Прадпрыемствы канцэрна вырабляюць больш за 500 відаў нафтахімічнай і хімічнай прадукцыі. Каля 70% выпускаемай прадукцыі экспартуецца больш чым у 100 краін.-0-