«Нафтан» выпусціў і рэалізаваў доследную партыю бензіну Еўра-5

30 жніўня, Мінск /Мілена Ануфрыенак - БЕЛТА/. ААТ "Нафтан" сёлета выпусціў і рэалізаваў першую доследную партыю бензіну стандарту Еўра-5. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў канцэрне "Белнафтахім". Доследная партыя была выраблена ў колькасці 800 т. Лабараторныя даследаванні паказалі, што параметры бензіну адпавядаюць патрабаванням стандарту Еўра-5: утрыманне араматычных вуглевадародаў не перавышае 35%, бензолу - менш за 1%, серы - 10 ppm. Уся партыя паспяхова рэалізавана на еўрапейскім рынку. ААТ "Нафтан" прапрацоўвае пытанні выпуску новай прадукцыі ў прамысловых маштабах. Нядаўна на прадпрыемстве зацверджана праграма мерапрыемстваў для забеспячэння вытворчасці аўтабензінаў згодна з патрабаваннямі беларускага тэхнічнага рэгламенту "Аўтамабільны бензін і дызельнае паліва. Бяспека". Гэты тэхрэгламент уводзіцца ў Беларусі з 1 студзеня 2010 года і прадугледжвае паэтапны - да 2013 года - пераход да вытворчасці і абарачэння маторных паліваў класа Еўра-5. Варта адзначыць, што дызельныя палівы з ультранізкім утрыманнем серы, якія адпавядаюць экалагічным нормам Еўра-4 і Еўра-5, вырабляюцца "Нафтанам" ужо некалькі гадоў. Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод уведзены ў эксплуатацыю ў 1963 годзе, акцыянаваны ў 2002-м. Прадпрыемства ўваходзіць у склад канцэрна "Белнафтахім" і спецыялізуецца на выпуску паліўна-алейнай прадукцыі, вырабляе больш за 70 найменняў. Каля 70% прадукцыі пастаўляецца ў краіны СНД, Еўрасаюза, на Блізкі Усход і ў ЗША. У адпаведнасці з праграмай развіцця "Нафтана" да 2011 года плануецца павялічыць аб'ём перапрацоўваемай нафты да 12 млн. т у год, давесці глыбіню перапрацоўкі да 90-95%. -0-