«Нафтан» за 9 месяцаў павялічыў аб'ём перапрацоўкі нафты на 8,2%
12 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Адкрытае акцыянернае таварыства "Нафтан" за дзевяць месяцаў бягучага года перапрацавала 8,3 млн.т нафтавай сыравіны. Аб гэтым паведаміў генеральны дырэктар ААТ "Нафтан" Вячаслаў Якушаў сёння на пасяджэнні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аб'ём перапрацоўкі павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года на 8,2%. За кошт уласных сродкаў прадпрыемствам набыта 4,9 млн.т нафты. Уласная перапрацоўка ўзрасла на 749 тыс.т (на 18%) і яе доля ў агульным аб'ёме дасягнула 58,8%.
У студзені-веражні акцыянерным таварыствам выраблена прамысловай прадукцыі ў супастаўных цэнах на суму больш за Br6,2 трлн. Тэмп росту склаў амаль 120% да такога ж перыяду 2008 года. Спажывецкіх тавараў выпушчана на Br46,4 млрд.
На экспарт за дзевяць месяцаў рэалізавана нафтапрадуктаў на $1,4 млрд. Аб'ём экспарту ў натуральным выражэнні вырас у 1,3 раза ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, аднак у вартасным выражэнні знізіўся на 28,5%, што звязана з дысбалансам цэн на нафту і нафтапрадукты на сусветным рынку, растлумачыў Вячаслаў Якушаў. Напрыклад, цана на дызельнае паліва на сусветным рынку ў бягучым годзе ўпала ў параўнанні з 2008 годам у 1,8 раза.
Чысты прыбытак ААТ "Нафтан" у студзені-веражні склаў Br50,4 млрд. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі - 5,5%. Падатковыя выплаты ў бюджэты ўсіх узроўняў на канец верасня перавысілі Br1,7 трлн., аднак гэта на 24% ніжэй за выплаты за аналагічны перыяд мінулага года. Зніжэнне адбылося па падатку на прыбытак, акцызных плацяжах.
Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод "Нафтан" уведзены ў эксплуатацыю ў 1963 годзе, уваходзіць у склад канцэрна "Белнафтахім". Завод спецыялізуецца на выпуску паліўна-алейнай прадукцыі, вырабляе больш за 70 найменняў, у тым ліку масла, бензіны, дызельнае паліва стандарту Еўра-4 і Еўра-5. Каля 70% прадукцыі пастаўляецца ў краіны СНД, Еўрасаюза, на Блізкі Усход і ў ЗША.-0-