«Нафтан» завяршае рэканструкцыю дзеючай чыгуначнай эстакады па зліве мазуту 910
30 жніўня, Мінск /Ірына Аніскевіч - БЕЛТА/. ААТ "Нафтан" завяршае рэканструкцыю дзеючай чыгуначнай эстакады па зліве мазуту 910-40. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі на прадпрыемстве.
Тэхнічныя магчымасці эстакады павялічацца ў 1,5 раза да 45 тыс.т у месяц. Рамонтныя работы вядуцца ў рэжыме прыёму сыравіны і адгрузкі гатовай прадукцыі.
Яшчэ адна схема зліву нафтапрадуктаў манціруецца на чыгуначнай эстакадзе ўстаноўкі "Бітумная-1", якая знаходзілася ў апошнія гады на кансервацыі. Дадзены перавалачны вузел пасля неабходных мантажных работ зможа прымаць пад зліў 20 вагонаў-цыстэрн. Увод яго ў эксплуатацыю запланаваны на 1 лістапада бягучага года.
У выніку рэалізацыі гэтых праектаў ААТ "Нафтан" пашырыць магчымасці прыёму вуглевадароднай сыравіны чыгуначным транспартам не менш чым да 100 тыс.т у месяц.
У канцы ліпеня бягучага года прадпрыемства прыняло для перапрацоўкі першую партыю нафты з Венесуэлы. За жнівень ААТ перапрацавала 160 тыс.т нафты з Лацінскай Амерыкі.
Па выніках работы за студзень-чэрвень бягучага года ААТ "Нафтан" перапрацавала 3,8 млн.т вуглевадароднай сыравіны. Рэнтабельнасць склала 4,2%. Як адзначылі на прадпрыемстве, у сувязі са змененымі ўмовамі паставак нафты з Расіі ў першым квартале прадпрыемства адчувала цяжкасці, аднак да канца першага паўгоддзя сітуацыя стабілізавалася. Пастаўкі венесуэльскай нафты дазволяць умацаваць фінансава-эканамічнае становішча "Нафтана".
Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод "Нафтан" уведзены ў эксплуатацыю ў 1963 годзе, уваходзіць у склад канцэрна "Белнафтахім". Завод спецыялізуецца на выпуску паліўна-алейнай прадукцыі, вырабляе больш за 70 найменняў, у тым ліку алеі, бензіны, дызельнае паліва стандарту Еўра-4 і Еўра-5. Каля 70% прадукцыі пастаўляецца ў краіны СНД, Еўрасаюза, на Блізкі Усход і ў ЗША. У канцы 2008 года да ААТ "Нафтан" далучылася ААТ "Палімір" і быў створаны нафтахімічны комплекс.-0-