Узнагароды з рук кіраўніка дзяржавы прымалі хлебаробы Віцебшчыны на «Дажынках-2013» у Жлобіне
У семнаццаты раз Беларусь правяла рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Сёлета гасціннай сталіцай свята стаў горад Жлобін Гомельскай вобласці.
Дэлегацыю Віцебшчыны сустракалі хлебам-соллю на мяжы Гомельскай і Магілёўскай абласцей у Рагачоўскім раёне і размясцілі ў санаторыі «Прыдняпроўскі», дзе цяпер пераважна папраўляюць здароўе расіяне. Дарэчы, на працягу двух вечароў тутэйшая танцавальная пляцоўка была перапоўнена. Культар работнікі санаторыя сцвярджаюць, што раней такога ніколі не было, а нашы хлопцы даказалі: яны ўмеюць не толькі добра працаваць, але і запальна і культурна адпачываць.
Марш пераможцаў
Перад пераездам у сталіцу «Дажынак» для хлебаробаў Віцебшчыны правялі экскурсію па Рагачове. Гэты горад знаходзіцца па суседстве са Жлобінам і таксама размешчаны на Дняпры. Ад імя дэлегацыі старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Сяргей Догель усклаў кветкі да манумента воінам-вызваліцелям.
Урачыстае шэсце пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва пачалося ад новага жылога мікрараёна Жлобіна. Наперадзе калоны на даху аўтамабіля плыў 200-кілаграмовы каравай. На працягу некалькіх кіламетраў да галоўнай канцэртнай пляцоўкі, устаноўленай у цэнтры горада на бульвары Металургаў, герояў жніва прывіталі жыхары і госці горада.
Жлобін сустракаў прыбылых прыкметна абноўленым. За кароткі тэрмін тут было пабудавана і рэканструявана больш за 300 аб'ектаў. Узведзена гасцініца на 114 месцаў і зала гульнявых відаў спорту з трыбунамі на 1,5 тысячы гледачоў. У стылі хай-тэк адрамантаваны Палац культуры металургаў. Змяніліся аўта- і чыгуначны вакзалы. Апошні, дарэчы, пасля электрыфікацыі часткі шляху ўжо прымае электрацягнікі з Мінска.
Для абслугоўвання гасцей фестывалю-кірмашу працавалі звыш 200 гандлёвых арганізацый з усёй Беларусі, павільёны размясціліся на працягу 5 км. Вулічныя кафэ адначасова маглі прыняць 8,5 тыс. наведвальнікаў. На велізарнай пляцоўцы былі прадстаўлены дзясяткі адзінак тэхнікі беларускіх вытворцаў – «Гомсельмаша», МТЗ, МАЗа, «Амкадора». Каля сучасных камбайнаў і трактароў госці свята праводзілі шматлікія фотасесіі. Асаблівую цікавасць выклікалі аўтамабілі нядаўна створанага сумесна беларуска-кітайскага прадпрыемства «БелДжы». Ахвотныя маглі ацаніць камфорт салона і зазірнуць пад капот.
Стабільнасць — прыкмета майстэрства
Свята адкрыў старшыня аргкамітэта фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2013», намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы. Прывітаўшы ўдзельнікаў, ён сказаў, што нават у пагодных умовах гэтага года без лішняга нагнятання запалу праведзены ўвесь комплекс пасяўных і ўборачных работ. Вынікі працы на хлебнай ніве яшчэ раз пераканаўча сведчаць аб тым, што беларуская зямля можа стабільна ў любых умовах даваць значны ўраджай збожжа і іншых відаў сельгаспрадукцыі. Дасягнутыя паказчыкі з'яўляюцца следствам пастаяннага абнаўлення тэхнічнага парку. Але галоўнае — гэта людзі. А менавіта, высокае майстэрства механізатараў, прафесійны ўзровень спецыялістаў, кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. Добра папрацавалі працаўнікі вёскі не толькі на хлебнай ніве. Вырашчаны добры ўраджай цукровых буракоў, бульбы, гародніны. Гэта дазваляе цалкам забяспечыць патрэбы перапрацоўчай прамысловасці, гандлю і грамадскага харчавання. Значная частка прадукцыі будзе пастаўлена на экспарт, які ў цэлым складзе каля 6 млрд долараў. Ад імя ўрада Міхаіл Русы выказаў падзяку ўсім вяскоўцам за самаадданую працу. Затым Міхаіл Іванавіч і міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц уручылі ўзнагароды ўдзельнікам «Дажынак», якія занялі прызавыя месцы. На сцэну падымаліся больш за 25 прадстаўнікоў Віцебшчыны. Ганаровыя дыпломы і грашовыя прэміі ад 5 да 20 млн руб. атрымалі камбайнеры, вадзіцелі, аператары збожжасушыльных установак.
Па традыцыі былі падведзены вынікі рэспубліканскага агляду-конкурсу «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў». Сярод рэгіёнаў Віцебшчыны адзначаны Лёзненскі раён. Прадстаўнікі Лёзненшчыны перамаглі і ў рэспубліканскім спаборніцтве сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла», які праводзіцца пад эгідай БРСМ. Віталь і Надзея Кулаковы з аграгарадка Адаменкі прызнаны лепшымі на заключным этапе, які праводзіўся на «Дажынках-2013». А іх пяцёра дзяцей — Іван, Кацярына, Уладзімір, Яўген і двухгадовая Аліна сталі самымі юнымі членамі дэлегацыі Віцебскай вобласці.
Упершыню быў праведзены конкурс «Міс «Дажынкі». За тытул змагаліся 18 прыгажунь, па тры ад кожнай вобласці. Пераможцай прызнана студэнтка з Віцебска Святлана Гарбачова.
Кульмінацыя свята
Асноўныя падзеі «Дажынак-2013» праходзілі з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў суботу.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэтае свята па добрай традыцыі падводзіць вынікі ўборкі збожжа:
— Семнаццаць гадоў таму, адраджаючы «Дажынкі», мы пастараліся не толькі захаваць старадаўнія звычаі, але і надаць ім новае дыханне. Сучасныя «Дажынкі» спрыяюць павышэнню прэстыжу працы на зямлі, прыцягненню ўвагі моладзі да сельскагаспадарчых прафесій.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за апошнія 20 гадоў краіна прайшла шлях ад пустых прылаўкаў і харчовых талонаў да прадуктовага дастатку, экспарту сельгаспрадукцыі на 5 млрд долараў. У суверэннай Беларусі, як ні ў адной краіне СНД, створана надзейная база аграпрамысловага комплексу, працуюць магутныя трактарны і аўтамабільны заводы, прадпрыемствы сельскагаспадарчага машынабудавання і па вытворчасці угнаенняў, якія забяспечваюць патрэбы беларускіх аграрыяў і актыўна прасоўваюць прадукцыю на знешні рынак. На працягу шэрагу гадоў у разліку на душу насельніцтва асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі Беларусь займае першае месца сярод краін СНД, а па збожжы ідзе на адным узроўні з вядомымі ўсесаюзнымі жытніцамі — Украінай і Казахстанам. Па вытворчасці збожжа Беларусь зраўнялася з Германіяй, а па малаку прыкладна ў два разы апярэджвае развітыя ў аграрным стаўленні еўрапейскія краіны. Адметна невялікая Беларусь уваходзіць у пяцёрку сусветных лідараў па экспарце малочных прадуктаў.
Аднак сучасныя рэаліі патрабуюць яшчэ больш высокіх вынікаў.
Па словах кіраўніка дзяржавы, сфарміраваныя на этапе адраджэння вёскі механізмы гаспадарання, якія забяспечвалі рост валавой прадукцыі АПК, сёння патрабуюць істотнай карэкціроўкі. Важна не толькі вырабіць, але і выгадна прадаць плады сваёй працы, умацаваўшы тым самым эканоміку сельгаспрадпрыемстваў. Штогод дзяржава ўкладвае ў аграрны сектар амаль 2 млрд руб. У найбліжэйшай перспектыве такая падтрымка будзе выдзяляцца адрасна, толькі на мэтавыя праграмы развіцця галін АПК і буйныя інвестпраекты, якія прынясуць хуткую аддачу.
Па традыцыі Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, якія занялі першыя месцы. Дыпломы, каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі з рук кіраўніка дзяржавы прымалі і прадстаўнікі Віцебшчыны — кіраўнікі раёнаў, гаспадарак, галоўныя спецыялісты і, вядома ж, механізатары. На сцэну падымаліся старшыня Віцебскага райвыканкама Руслан Фурашоў і яго першы намеснік Юрый Вышылаў, дырэктары сельгаспрадпрыемстваў Вячаслаў Крыштафовіч (ААТ «Хатылы-Агра») і Сяргей Чапровіцкі (ААТ «Жвіранка» Шаркаўшчынскага раёна), галоўныя аграномы Аляксандр Каплун (СПК «Ларынаўка» Аршанскага раёна) і Васіль Шылаў (ААТ «Прудзінкі» Верхнядзвінскага раёна), галоўныя інжынеры Сяргей Юшчанка (СПК «Ларынаўка» Аршанскага раёна) і Сямён Кібісаў (ААТ «Ліпаўцы» Віцебскага раёна). Па аўтамабілі «Geeiy» беларускай зборкі атрымалі камбайнеры Вячаслаў Аніковіч (ААТ «Таргуны» Докшыцкага раёна) і Віктар Шамянок (ААТ «Узменскі край» Мёрскага
ого раёна).Вячаслаў Аніковіч прыкметна хваляваўся перад выхадам на сцэну. Але потым запраўску раздаваў інтэрв'ю журналістам. Пасля ўзнагароджання камбайнера павіншавалі члены дэлегацыі Докшыцкага раёна, у складзе якой былі першы намеснік старшыні райвыканкама Наталля Бортнік, кіраўнік ААТ «Таргуны» Аляксандр Тулоўскі і трое калег з роднай гаспадаркі. З Мінска патэлефанаваў старэйшы сын Яўген. Жонка Таццяна, якая працуе аператарам машыннага даення кароў, звязалася з мужам пазней, бо была на вячэрняй даенні. Сазваніліся і са старэйшым братам Валерыем, які перасеў на «Ягуар» Вячаслава і чатыры дні падмяняў яго на ўборцы кукурузы. У сям'і Аніковічаў ёсць аўтамабіль «Фальксваген-Гольф 4», але і падарунак ад Прэзідэнта зойме годнае месца ў гаражы. Вясной з арміі вернецца малодшы сын Іван, і бацька прадаставіць яму права выбару аўтамабіля, які спадабаецца.
На наступны дзень пасля прыезду ўсе механізатары-намінанты «Дажынак» выехалі на палі: сельскагаспадарчы сезон пакуль не скончаны.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што ў фестывалю-кірмашу «Дажынкі» ёсць будучыня. Аднак кіраўнік дзяржавы прапанаваў падумаць над тым, як праводзіць яго эфектыўней, у новым фармаце, больш шырока адзначаць гэтае свята ў рэгіёнах. Наступны фестываль-кірмаш прыме віцебская зямля, а менавіта — Гарадок.
Сяргей Ляшук, "Віцебскія весці"