Узнагароды за дасягненні ў сферы культуры і мастацтва ўручылі работнікам галіны культуры і творчым калектывам Віцебскай вобласці

Ушанаванне адбылося ў абласной філармоніі. Лаўрэатаў прывітаў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін. Ён падзякаваў ім за працу, адзначыўшы, што, як бы цяжка ні было, асабліва ўлічваючы сітуацыю з пандэміяй, работнікі культуры працягваюць радаваць людзей сваёй творчасцю.
— Задачы, якія стаяць перад галіной, выконваюцца, — адзначыў Уладзімір Пятровіч. — Людзі наведваюць дамы культуры, тэатры, музеі і самі становяцца лепш, далучаючыся да прыгожага.
Уладзімір Пянін уручыў прэміі аблвыканкама за высокія творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва ў розных намінацыях. Лепшым клубным работнікам быў прызнаны рэжысёр народнага тэатра Браслаўскага раённага цэнтра культуры Яўгеній Набееў. На працягу апошніх пяці гадоў Яўгеній займаецца «жывымі» статуямі. Гэта ўнікальны праект, вельмі затратны і матэрыяльна, і з пункту гледжання чалавечага рэсурсу.
— У нашым тэатры каля 50 статуй — залатыя, сярэбраныя, бронзавыя. Мы выступаем па ўсёй Беларусі, — дзеліцца рэжысёр. — Гэта дастаткова дарагое задавальненне. Касцюмы трэба спецыяльным чынам апрацаваць, пафарбаваць, падабраць рэквізіт. На падрыхтоўку аднаго вобраза сыходзіць да трох месяцаў. Усе нашы артысты займаюцца творчасцю ў вольны ад асноўнай працы час. Патрэбны спецыяльныя трэнінгі, заняткі гімнастыкай, каб «жывыя» скульптуры маглі доўга стаяць на адным месцы і не рухацца.
Удзельнікам калектыву ад 15 да 50 гадоў. Яўгеній упэўнены, што артыст жыве ў кожным з нас, вельмі важна яго разбудзіць.

У намінацыі «Лепшы артыст філармоніі» прэмію атрымаў артыст-вакаліст Сяргей Белавусаў. Лепшым артыстам тэатра быў названы артыст тэатра лялек «Беларускага тэатра «Лялька» Валерый Зімніцкі.

Прэміі атрымалі выдатныя бібліятэчныя, музейныя работнікі, майстры традыцыйных рамёстваў, педагогі. Ганаровую грамату аблвыканкама за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у захаванне культурнай спадчыны ўручылі дырэктару Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Докшыцкага раёна Крысціне Гмырак.

У найлепшых колерах пра культурнае жыццё Віцебшчыны адгукнулася начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Марына Юркевіч.
— У Віцебскай вобласці працуюць таленавітыя, крэатыўныя, самыя творчыя работнікі культуры. Рэгіён можа ганарыцца таленавітымі калектывамі, навучэнцамі дзіцячых школ мастацтваў і каледжаў. На добрым рахунку знаходзяцца работнікі музеяў, клубных арганізацый. Вы ўсе разам уносіце неацэнны ўклад у развіццё культуры краіны, — адзначыла Марына Браніславаўна.

Нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» ўзнагароджана дырэктар Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза М. Ф. Шмырова Ірына Шышкова. Ірына Аляксандраўна працуе ў галіне больш за 30 гадоў, 20 з якіх прысвяціла музею.

— Любая ўзнагарода — гэта нагода пераасэнсаваць зробленае і падумаць пра новыя праекты. Сёння мы стаім на парозе новых падзей і разумеем, што гісторыю забываць нельга, — адзначыла Ірына Аляксандраўна. — У рэалізацыі новых праектаў мы сыходзім ад класічнай формы працы, прыўносім новыя веянні і тэндэнцыі.У калектыва музея, з якім яго дырэктар падзяляе гонар атрымаць высокую ўзнагароду, шмат ідэй і задум. Цяпер у музеі рэалізуюць новы праект «Армейская азбука».
Ганаровую грамату Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь атрымаў выкладчык Віцебскага музычнага каледжа імя І. І. Салерцінскага Аляксандр Сувораў. 
Таксама Марына Юркевіч уручыла граматы Міністэрства культуры і Падзяку міністра культуры заслужаным работнікам галіны.

Павіншаваў калег і начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі, уручыў ганаровыя граматы годным прадстаўнікам прафесіі.