Узнагароджанне найлепшых прадпрыемстваў у сферы энерга- і рэсурсазберажэння завяршыла інвестфорум у Віцебску
Узнагароджанне найлепшых прадпрыемстваў Віцебскай вобласці ў сферы энерга- і рэсурсазберажэння завяршыла міжнародны форум "Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы", які праходзіў у Віцебску 19-20 сакавіка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
За ўкараненне інавацый у вытворчасць кіраўніцтва рэгіёна ўшанавала прадпрыемства "Полімерконструкція". Дарэчы, менавіта дадзенай кампаніі наведалі па папярэдніх заяўках замежныя госці форуму (прадстаўнікі Украіны, Славакіі, Польшчы і іншых краін). Найлепшым вытворцам інавацыйнай прадукцыі названа ТАА "ПО "Энергакомплект". За паспяховае ўкараненне інавацыйных рашэнняў у галіне энерга- і рэсурсазберажэння ўзнагароджана РУП "Віцебскэнерга". За дасягненні ў інавацыйных распрацоўках - інстытут "Віцебскграмадзянпраект", за ўкараненне інавацыйных праектаў - УП "Віцебскводаканал", за дасягненні ў вытворчасці інавацыйнай прадукцыі - ТАА "НПЦ "Еўрапрыбор". А таксама па вартасці ацэнены ўклад у галіне энергазберажэння і энергаэфектыўнасці праз арганізацыю вытворчасці паліўных пелет КУВП "Бароўка" (Лепельскі раён).
Па агульным меркаванні ўдзельнікаў і арганізатараў форуму, мерапрыемства прайшло прадуктыўна. Было прадстаўлена больш за 200 інвестыцыйных і інавацыйных праектаў, арыентаваных на прамысловую кааперацыю, прыцягненне перадавых тэхналогій, паглыбленую перапрацоўку мясцовай сыравіны, стварэнне адзінай тавараправоднай сеткі ў найбольш перспектыўных рэгіёнах свету. Азнаёміцца з перспектыўнымі праектамі змаглі больш за тысячу ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства з 16 краін свету: Расіі, Украіны, Польшчы, Латвіі, Турцыі, Францыі, Кыргызстана, Італіі, Польшчы, Славакіі, Германіі, Чэхіі, Швецыі, Славеніі і інш. Падпісаны цэлы шэраг міжнародных пагадненняў і мемарандумаў аб супрацоўніцтве ў сферы прыцягнення інвестыцый і развіцця дзелавога супрацоўніцтва паміж кампаніямі і бізнес-структурамі Латвіі, Чэхіі, Кыргызстана, Расіі і Віцебскім аблвыканкамам, абласным цэнтрам маркетынгу, адміністрацыяй свабоднай эканамічнай зоны "Віцебск".
На працягу двух дзён працавалі выставы "Інвестыцыйны патэнцыял Віцебскай вобласці. Інавацыйнае развіццё рэгіёна", "Інавацыйныя энерг- і рэсурсазберагальныя тэхналогіі, абсталяванне і матэрыялы", "Будаўнічая індустрыя. Інавацыі ў будаўніцтве", "Харчовая прадукцыя Віцебшчыны", "Перспектывы развіцця лёгкай прамысловасці".
Акрамя прэзентацыі магчымасцей рэгіёна, арганізатары форуму мелі на мэце вывучыць і ўлічыць пажаданні патэнцыйных інвестараў у кантэксце прыходу на беларускі рынак. З гэтай мэтай арганізавана пляцоўка для адкрытага дыялогу паміж прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання, нацыянальным бізнесам і замежнымі інвестарамі, праведзены круглыя сталы, секцыі, семінары. Адной з ключавых тэм сталі навацыі і праекты ў сферы энергазберажэння, укаранення перадавых тэхналогій. Таксама падчас форуму адбылася кантактна-кааперацыйная біржа з абмеркаваннем канкрэтных інвестыцыйных праектаў.
Арганізатарамі форуму выступілі Віцебскія абл- і гарвыканкам, абласное ўпраўленне па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў, Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу.
Кацярына Князева