Нагрудны знак за безаварыйнае кіраванне аўтатранспартам можа з'явіцца ў Віцебскай вобласці
25 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Нагрудны знак за безаварыйнае кіраванне аўтатранспартам можа з'явіцца ў Віцебскай вобласці. Такая прапанова была выказана сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама старшынёй абласнога выканаўчага камітэта Аляксандрам Косінцам і падтрымана прысутнічаўшым на пасяджэнні міністрам унутраных спраў Беларусі Анатолем Куляшовым.
"Неабходна матывацыя кіроўцаў і заахвочванне тых, хто выконвае правілы дарожнага руху", - перакананы губернатар. Па яго даручэнні ў вобласці будзе прынята рэгіянальная праграма забеспячэння бяспекі дарожнага руху на 2011-2013 гады, у якой будуць закладзены сродкі ў тым ліку і на заахвочванне добрасумленных удзельнікаў дарожнага руху. Асноўныя раздзелы праграмы будуць закранаць пытанні рамонту дарог, арганізацыі дарожнага руху, будаўніцтва аўтастаянак, якаснага рамонту аўтамабіляў і іх фінансавага забеспячэння.
Па дадзеных ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама, за дзесяць месяцаў бягучага года ў вобласці зарэгістравана 619 дарожна-транспартных здарэнняў, што на 14 ДТЗ менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, пры гэтым загінула 115 чалавек, што на 41 чалавека менш, колькасць параненых таксама знізілася і склала 634 чалавекі. Каля 70% ДТЗ адбываюцца з удзелам пешаходаў і гужавога транспарту, у 20% выпадкаў прычынай аварый становіцца перавышэнне хуткаснага рэжыму.
Нягледзячы на зніжэнне колькасці ДТЗ і ліку загінулых, Аляксандр Косінец лічыць, што бяспека дарожнага руху ў вобласці забяспечваецца не ў поўнай меры. Пры распрацоўцы праграмы губернатар запатрабаваў звярнуць увагу не толькі на абласны цэнтр і буйныя гарады, але і правесці аналіз прычын ДТЗ у малых населеных пунктах.-0-