Найбольшыя паводкі ў Беларусі чакаюцца ў басейнах Сожа, Заходняй Дзвіны і Прыпяці

18 сакавіка, Мінск /Алена Дзямешкевіч - БЕЛТА/. Найбольш істотныя паводкі ў Беларусі чакаюцца ў басейнах Сожа, Заходняй Дзвіны і Прыпяці. Пра гэта паведаміла сёння журналістам начальнік аддзела гідралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметцэнтра Марына Нагібіна, перадае карэспандэнт БЕЛТА. На астатніх рэках разводдзе будзе развівацца спакойна, без значных наступстваў. Марына Нагібіна адзначыла, што ў сувязі з зімовым характарам надвор'я на большасці рэк Беларусі захоўваецца ледастаў і ледастаў з палонкамі. Толькі на Нёмане ля гарадоў Стоўбцы і Гродна, на Віліі ля вёскі Сцешыцы, а таксама на рэках Шчара, Мухавец, Піна, Ясельда, Стыр, Цна, Лань назіраюцца рэшткі забярэгаў і рэдкі шугаход. На ўсім працягу Прыпяці і асобных яе прытоках працягваецца рост узроўняў вады з інтэнсіўнасцю 1-10 см за суткі. На ўчастку мост Любанскі - сяло Чарнічы ўзроўні вады набліжаюцца да небяспечнай адзнакі, да дасягнення якой засталося адпаведна 2 см і 11 см. На астатніх рэках адзначаецца ў асноўным роўны ход узроўняў вады і невялікі іх спад. На Прыпяці на ўчастку выток-Чарнічы, яе прытоках Стыр, Піна, Гарынь, Случ, Ствіга, Убарць і Пціч, а таксама на Нёмане ля вёскі Беліца, Дняпры ля пасёлка Лоеў, на рэках Шчара, Беседзь, Мухавец, Нараў вада знаходзіцца на пойме. У бліжэйшыя суткі ў лядовай абстаноўцы на рэках істотных змен не адбудзецца. Невялікія пад'ёмы ўзроўняў вады на асобных участках рэк будуць працягвацца, на Прыпяці ля горада Мазыр вада выйдзе на пойму.-0-