Найлепшыя ўмовы для прыцягнення малога бізнесу ў вытворчасць створаць у Віцебскай вобласці
На пасяджэнні, якое прайшло ў Талачынскім раёне, разгледжаны пытанні прымянення на практыцы Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2012 года №6 «Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці». Прааналізаваны таксама ход выканання мясцовымі органамі ўлады даручэння Прэзідэнта па павышэнні эфектыўнасці кіравання дзяржаўнай маёмасцю, удасканалення структуры і складу дзяржактываў, уцягвання ў эканамічны абарот неефектыўна выкарыстоўваемай дзяржмаёмасці.
У цяперашні час у вобласці да малога і сярэдняга бізнесу ставіцца палова арганізацый, але ў іх задзейнічаны толькі 23 працэнты ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы Віцебшчыны, а гэта 114 тысяч чалавек. Прычым сярэдняя колькасць занятых у іх людзей зніжаецца. Пра гэта расказала старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Анжаліка Нікіціна. Назіраецца нерўнамернасць у развіцці суб'ектаў прадпрымальніцтва па відах дзейнасці. Амаль 35 працэнтаў з іх прыпадае на сферу гандлю і толькі 14 працэнтаў — на прамысловасць, каля 8 — на сельскую гаспадарку і будаўніцтва, 15 працэнтаў малых і сярэдніх арганізацый аказваюць паслугі транспарту і сувязі.
Стварэнне максімальна прывабных умоў для пераарыентавання малога бізнесу, прыцягнення яго ў вытворчую сферу, у прамысловасць, што, у канчатковым выніку, і робіць эканоміку, наглядна прапісана ў Дэкрэце №6.
Гэта, перш за ўсё, падатковыя, мытныя, фінансавыя льготы, прэферэнцыі для камерцыйных арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія зарэгістраваны і ажыццяўляюць сваю дзейнасць у сельскай мясцовасці. Тыя з іх, як паказала наведванне ў гарадскім пасёлаку Коханава цэха па вытворчасці грыбоў ІПТАА «ФунгиБелПлюс», што будуецца, першага ў Беларусі вытворцы клінкавых тэрмапанелей «Прафасад», хто пайшоў на такі крок, сёння з падобнай падтрымкай
дзяржавы і органаў мясцовай улады паспяхова ажыццяўляюць свае задумы і праекты у жыццё.
У нашых умовах пачынанне мае мэту: акрамя камерцыйнай выгады, даць працу вяскоўцам, устрымаць адток людзей. Тут, у Коханаве, з уводам прадпрыемства па вырошчванні грыбоў-вешанак створаць 45 працоўных месцаў, у асноўным для жанчын.
Выканаўчая ўлада Талачынскага раёна, па водгуках тых, хто адкрывае тут сваю справу, аказвае ў гэтым усямерную дапамогу і падтрымку. У рэгіёне доля новых створаных арганізацый ад усіх малых і сярэдніх — адна з лепшых у вобласці. Але ёсць на Талачыншчыне і незадзейнічаныя рэзервы, напрыклад, пры наяўнасці міжнароднай трасы недастаткова развіты прыдарожны сэрвіс.
Менавіта наяўнасць выгадных камунікацый спрыяла размяшчэнню ў Коханаве з насельніцтвам у 4 тысячы такіх магутных па аб'ёме вытворчасцей, як трубны завод, СГ «Святавіт», ААТ «Амкадор-КЭЗ». І зараз яны паспяхова развіваюцца, хоць і знаходзяцца ў аддаленні ад буйных гарадоў.
Наведваючы прадпрыемства «Прафасад», кіраўнікі раёнаў былі прыемна здзіўлены, што прыватнік пайшоў і на адкрыццё мыйкі аўтамабіляў.
У развіцці бізнесу важна дайсці не толькі да калектыву, але і да чалавека, якога можа зацікавіць гэты бізнес. Трэба больш актыўна выбудоўваць адносіны з тымі людзьмі, якія каранямі звязаны са сваёй малой радзімай, але адкрылі прадпрымальніцтва ў іншай краіне, іншым горадзе ў рэспубліцы і могуць з напрацаваным капіталам прыйсці да сябе дадому. Падобныя прыклады, як паказвае вопыт работы Глыбоцкага райвыканкама, у нас не адзінкавыя. Гэтыя людзі многае могуць зрабіць у развіцці вытворчай сферы, турызму, аказанні якасных паслуг насельніцтву.
Паспяхова па развіцці індывідуальнага прадпрымальніцтва працуюць Бешанковіцкі і Лёзненскі райвыканкамы. Усё, як заўважыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, залежыць ад таго, як мы на месцах створым прывабныя для бізнесу ўмовы, чым зацікавім людзей.
У такім жа ключы прагучала і выступленне дырэктара абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржмаёмасці Міхаіла Паўлючкова. Прыкладам
новага эфектыўнага ўласніка ў Талачыне могуць служыць адкрытыя на базе былой тэкстыльнай фабрыкі новыя сучасныя вытворчасці, гандлёвы цэнтр «Павуціна», кафэ «Фабрыка». Працуе тут будаўнічая крама і склад аптовага гандлю.
— Наведванне такой значнай колькасці аб'ектаў не выпадковае, — адзначыў, падводзячы вынікі выязнога пасяджэння, В.Тэрэнцьеў. — Тое, што прыходзіць сюды інвестар і застаецца, замацоўваецца тут, — сведчанне правільна выбудаванай працы мясцовай улады з бізнесам. І яна прыносіць плады. Але пры выкананні Дэкрэта №6 трэба яшчэ актыўней ісці да людзей. Не ўсе яшчэ інфармаваныя і ведаюць нормы гэтага важнага дакумента па развіцці бізнесу ў сельскай мясцовасці. Усім разам, уключаючы дэпутатаў, трэба гэтым займацца, аказваючы практычнае садзейнічанне органам мясцовай улады па стварэнні малых і сярэдніх прадпрыемстваў, прыходзе інвестараў. Калі казаць пра эфектыўнасць выкарыстання дзяржмаёмасці, то наяўна шэраг момантаў па недапрацоўцы норм заканадаўства, якія перашкаджаюць вядзенню гэтай працы. Будзем звяртацца ў Нацыянальны сход краіны з выкладаннем свайго бачання праблемы.
Але там, дзе гэтая праца вядзецца сістэмна, планамерна, там ёсць і вынік, што мы і ўбачылі ў Талачынскім раёне.
Віктар БІРЮКОЎ. Фота«Наша Талачыншчына».