Наіўнае мастацтва і абстракцыянізм прадстаўлены на выставе сучасных ікон у Віцебску
Выстава "Святочныя іконы" па выніках міжнародных майстар-класаў іканапісу ў Польшчы будзе прэзентавана ў віцебскай Ратушы 10 чэрвеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва абласным краязнаўчым музеі.
У экспазіцыі каля 40 работ беларускіх, украінскіх і польскіх мастакоў, якія працуюць у розных тэхніках, у тым ліку наіўнага народнага мастацтва і абстракцыянізму. На выставе прадстаўлена частка творчых вынікаў майстар-класаў жывапісцаў, якія працягваюць у сучасным мастацтве традыцыі іканапісу.
Традыцыя правядзення ў Польшчы іканапісных майстар-класаў бярэ пачатак у 2009 годзе. Штогод восенню ў Новіцы сустракаюцца мастакі з Польшчы, Украіны і Славакіі. Беларускія іканапісцы ўдзельнічаюць у міжнародным праекце з 2011 года. Польскія творчыя сустрэчы прысвечаны галоўным іканаграфічным тэмам, у тым ліку прадстаўленню вобразаў Багародзіцы, Хрыста, прарокаў і анёлаў. Працу майстроў (прадстаўнікоў усходняй і заходняй традыцый) суправаджаюць канферэнцыі і дыскусіі, у якіх удзельнічаюць вядомыя мастацтвазнаўцы і тэолагі.
Усяго ў майстар-класах прынялі ўдзел больш за 50 мастакоў, а створаныя ў Новіцы работы ўбачылі ўжо больш за 15 тыс. чалавек.
Арганізатарамі выставы "Святочныя іконы" з'яўляюцца Польскі інстытут у Мінску і Віцебскі абласны краязнаўчы музей. Адкрыццё экспазіцыі адбудзецца 10 чэрвеня а 16.00, іконы прабудуць у Віцебску да канца месяца.
Святочныя іконы - гэта іконы з выявамі найважнейшых хрысціянскіх святаў.
Алена Ціханава