Напярэдадні «Дажынак» у Віцебскім аблвыканкаме падвялі вынікі ўборкі ўраджаю
- Па валавай вытворчасці збожжа ў бункернай вазе ў грамадскім сектары вытворчасці ў 2020-м мы выходзім на 1075 тон, -- сказаў Барыс Сяргеевіч. – Па вопыце мінулага года сюды можна прыплюсаваць каля 50 тысяч тон, намалочаных у асабістых падсобных гаспадарках вяскоўцаў. У цэлым вынік па вобласці нядрэнны, у апошнія тры гады ёсць станоўчая дынаміка ў валавым намалоце. Характэрна, што 70 працэнтаў сёлетняга збору збожжа забяспечылі сельгаспрадпрыемствы, якія ўваходзяць у аграпрамысловыя аб'яднанні, створаныя па Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 70. Завяршаецца ў вобласці і ўборачная рапсу, алейсемянніцы гэтай вельмі каштоўнай культуры сабрана 117 тысяч тон супраць мінулагодніх 100 тысяч. Разам з рапсам вобласць павялічвае плошчы пад вырошчванне сурэпіцы, больш рэнтабельнай алейнай культуры, ранняя ўборачная якой у сярэдзіне ліпеня дазваляе своечасова вызваліць сельскагаспадарчыя землі.
У асноўным стратэгія сёлетняй уборачнай, па словах Барыса Ефрэмава, сябе апраўдала, хоць у сціслыя тэрміны жніва ўкласціся па шэрагу прычын не ўдалося. Сказаліся ўмовы надвор'я, нажаль, на ідэальныя 20 сонечных дзён запар на Віцебшчыне разлічваць не даводзіцца. Таксама паўплывала на ход і вынікі работ недастатковая тэхнічная аснашчанасць. Наяўныя 1100 далёка не новых камбайнаў пры сутачнай выпрацоўцы 12-13 гектараў на кожны былі не ў стане справіцца за тры тыдні з 390 тысячамі гектараў пасеваў. Падмогай стала пастаўка ў рэгіён у жніўні 100 камбайнаў гомельскай вытворчасці, але і гэтага мала. Таму з-за зацягнутай жніва не апраўдаўся разлік атрымаць каля 1,2 мільёна тон збожжа, хоць на палях такі ўраджай рэальна стаяў. Калі задожджыла, каля 30 тысяч гектараў давялося ўбраць на кармавыя мэты.
- Без істотнага тэхнічнага перааснашчэння тэхнічнага парку павялічваць на будучыню пасевы збожжавых да абгрунтаваных агратэхнічных аб'ёмаў няма сэнсу, -- заключыў намеснік старшыні аблвыканкама. – Але пры любым раскладзе трэба аддаць належнае нашым людзям, камбайнерам і прадстаўнікам іншых прафесій, якія сваёй самаадданай працай ад зары да зары выратавалі ўраджай, выхапілі яго ў непагадзі. Больш за 200 працаўнікоў намалацілі дзве і больш тысяч тон збожжа, ёсць рэкардсмены, якія запісалі ў свой актыў 4--5 тысяч тон. Калі ж браць тысячнікаў, то сёлета іх больш за 300, і палова перадавікоў – моладзь. Усіх іх аддзячым за працу на абласным фестывалі-кірмашы.
Называючы лепшыя па збожжы раёны (Аршанскі, Віцебскі, Талачынскі, Дубровенскі, Верхнядзвінскі, Бешанковіцкі, Міёрскі) і сельгаспрадпрыемствы, Барыс Ефрэмаў адзначыў такую важную дэталь. Калі глядзець пераможцаў абласнога спаборніцтва не толькі ў разрэзе першых трох месцаў па ўсіх намінацыях, а ўзяць дзясятак лепшых па кожнай, то мы ўбачым у гэтым пераліку прадстаўнікоў амаль усіх раёнаў Віцебшчыны. Гэта сведчыць аб тым, што высокі вынік гарантавана атрымліваюць там, дзе выконваюць тэхналагічную дысцыпліну, займаюцца сартаабнаўленнем, правільна вытрымліваюць севазварот, праводзяць увесь комплекс ахоўных работ. І гэты вынік не вельмі залежыць ад надвор'я і ўрадлівасці палёў. Адсюль выснова такая: няма дрэнных земляў, проста да кожнага ўчастка павінен быць свой падыход. І гэта правіла ў працы аграрыяў на будучыню стане галоўным.
Напярэдадні абласнога свята працаўнікоў вёскі наш рэгіён якраз завяршыў пастаўкі збожжа на хлебапрыёмныя камбінаты па дзяржаўным заказе ў аб'ёме 109400 тон. Справіліся землякі і па здачы на перапрацоўку алею рапсу. Галоўную запаведзь хлебаробы выканалі, ураджай у засеках, таму і адсвяткаваць завяршэнне яго збору можна з пачуццём выкананага абавязку, выказаць прызнальнасць грамадства ўсім тым, хто забяспечвае харчовую бяспеку краіны.