Напярэдадні Калядаў архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый сустрэўся з журналістамі
– Прайшоў экспертызу праект Сафійскага сабора, які будзе пабудаваны ў абласным цэнтры па аналогу старажытнай святыні ў Полацку. Плануецца, што закладны камень асвяціць патрыярх падчас «Славянскага базару ў Віцебску» ў прысутнасці высокіх гасцей, якіх чакаюць на юбілейны фестываль, – адзначыў кіраўнік епархіі.
Актынва вядуцца работы па ўзвядзенні царквы святой благаслаўлёнай Матроны Маскоўскай у Білева. Пачаліся яны ў лістападзе 2015-га, а ўжо да канца гэтага года іх збіраюцца скончыць. Сродкі на храм сабралі прыхаджане падвор'я Беларускага экзархата ў Маскве.
У Варонах пры царкве Фалькавіцкай іконы Божай Маці ствараецца супольнасць сясцёр міласэрнасці, якія будуць дапамагаць у доглядзе за састарэлымі і інвалідамі. У будучыні тут з'явіцца жылы корпус для тых, хто мае патрэбу ў клопаце.
У гэтым годзе дзве юбілейныя даты адзначыць навучальная ўстанова для падрыхтоўкі свяшчэннаслужыцеляў: 210 гадоў з дня заснавання ў Полацку Беларускай духоўнай семінарыі і 140 – з часу яе пераводу ў губернскі Віцебск. Яшчэ адна знакавая падзея для ўсёй праваслаўнай царквы – 1000-годдзе рускай прысутнасці на Афоне. У урачыстасцях прымуць удзел і прадстаўнікі Віцебскай епархіі.
На пытанні журналістаў таксама адказалі сакратар Віцебскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Уладзімір Разановіч і першы прарэктар духоўнай семінарыі протаіерэй Канстанцін Ізафатаў.
Сярод найважнейшых падзей 2015 года імі адзначаны самыя маштабныя ў гісторыі Віцебскай епархіі Калядныя чытанні, якія сабралі больш за 400 чалавек, і падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве паміж Віцебскай і Ніжагародскай духоўнымі семінарыямі.
Напярэдадні прэс-канферэнцыі прайшоў справаздачны сход духавенства і міран Віцебскай епархіі, на якім было прынята зварот да мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла аб раздзяленні Віцебскай епархіі на Віцебскую і Аршанскую.
Пасля завяршэння сустрэчы архіепіскап Дзімітрый павіншаваў усіх з надыходзячым святам Раства Хрыстова.
Таццяна Пастэрнак. Фота Дзмітрыя Восіпава. «Віцебскія весці».