Падатковая служба – 25 гадоў на абароне эканамічных інтарэсаў дзяржавы
Кожны з нас жадае хадзіць па чыстых вуліцах, ездзіць па якасных аўтамабільных дарогах, карыстацца сацыяльнымі праграмамі. Але мала хто задумваецца, што ўсе гэтыя даброты залежаць ад таго, наколькі добрасумленна мы, члены грамадства, выконваем свае падатковыя абавязацельствы. Любыя паляпшэнні і пераўтварэнні патрабуюць сродкаў з бюджэту, які ў асноўным фарміруецца за кошт падаткаў.
Цяперашні год для падатковай службы Рэспублікі Беларусь асаблівы ў многіх аспектах. Сусветным банкам наша краіна за апошнія гады прызнана лідарам у рэалізацыі падатковых рэформ. Значныя змены на заканадаўчым узроўні дазволілі нам заняць 60-е месца з 183 даследаваных краін у рэйтынгу гэтай міжнароднай фінансавай арганізацыі па паказчыку «Падаткаабкладанне». Акрамя таго, падатковая служба Беларусі адзначае 25-годдзе з дня ўтварэння. Напярэдадні юбілею «Віцебскія весці» сустрэліся з начальнікам інспекцыі МПС па Віцебскай вобласці Таццянай Мясаедавай, каб даведацца, з якімі паказчыкамі падатковая служба падышла да гэтага значнага рубяжа, а таксама аб задачах, якія стаяць перад інспекцыяй на сучасным этапе яе развіцця.
— Таццяна Аляксандраўна, раскажыце пра дасягненні і вынікі працы падатковых органаў Віцебшчыны.
— Па выніках мінулага года ад плацельшчыкаў Віцебскай вобласці ў бюджэт паступіла амаль 16 трлн рублёў, план даходаў выкананы на 102%, дадаткова паступіла 245 млрд рублёў. А за 5 месяцаў бягучага года ў казну дзяржавы ўжо сабрана каля 7 трлн рублёў, або 108% ад запланаванага аб'ёму. Звыш планавых прызначэнняў прыцягнута больш за 500 млрд рублёў. Пры фарміраванні даходнай часткі дзяржаўнага бюджэту рэспублікі вобласць штогод займае трэцяе месца сярод іншых рэгіёнаў — гэта каля 10% усіх плацяжоў, якія кантралююцца падатковай службай.
На сённяшні дзень на Віцебшчыне больш за 400 тыс. плацельшчыкаў, у тым ліку 19 тыс. арганізацый, 25 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў і 390 тыс. фізічных асоб. 93% усіх паступленняў у бюджэт забяспечваюць юрыдычныя асобы. З іх асноўная частка — дзяржаўныя і прыраўнаваныя да іх прадпрыемствы. Арганізацыі недзяржаўнага сектара эканомікі складаюць 19%.
Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія стаяць на падатковым уліку ў нашай вобласці, папоўнілі бюджэт 156 млрд рублёў, што амаль на 11 млрд больш, чым у 2014 годзе.
Але сёння ў вобласці па-ранейшаму востра стаіць пытанне няплацяжоў бюджэту. Агульная сума даўгоў дзяржаве застаецца значнай. Вырашэнне праблемы іх пагашэння павінна будавацца на прынцыпе добраахвотнага выканання падатковых абавязацельстваў. Але калі плацельшчыкі ўхіляюцца ад выплаты падаткаў, то да іх з боку падатковых органаў прымяняецца ўвесь комплекс прымусовых мер спагнання. Так, за мінулы год больш за трыльён падаткаў спагнана ў бюджэт у прымусовым парадку.
— Развіццё інфармацыйнага грамадства з'яўляецца адным з нацыянальных прыярытэтаў Рэспублікі Беларусь і разглядаецца як агульнанацыянальная задача. Што ў сувязі з гэтым зроблена падатковым ведамствам?
— Падатковая служба ідзе ў нагу з часам, а дзесьці і з апярэджаннем. З красавіка 2009 года ўкаранёна сістэма электроннага дэкларавання. Асноўным вынікам пераходу да прадстаўлення падатковых дэкларацый з выкарыстаннем інтэрнэт-тэхналогій стала змяншэнне затрачанага часу плацельшчыкаў на падрыхтоўку падатковай справаздачнасці і падачу яе ў падатковыя органы і магчымасць аператыўнага атрымання інфармацыі аб выкананні абавязацельстваў перад бюджэтам.
У цяперашні час прадстаўляць розныя дакументы, у тым ліку пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур, накіроўваць запыты аб тлумачэнні заканадаўства, заяўляць аб заліку або вяртанні залішне сплачаных сум падаткаў, пераносе тэрміну правядзення планавай праверкі і інш. можна не наведваючы падатковыя органы. Акрамя таго, на партале МПС працуе сэрвіс «Асабісты кабінет», з дапамогай яго плацельшчык можа атрымаць усю неабходную інфармацыю для правядзення сверкі разлікаў з бюджэтам, запісацца на прыём да кіраўніцтва. З мінулага года гэты сэрвіс стаў даступны фізічным асобам. Грамадзяне могуць атрымліваць паведамленні на выплату зямельнага падатку і падатку на нерухомасць, запісвацца на асабісты прыём да кіраўніцтва інспекцый, аплачваць падаткі праз інтэрнэт-банкінг «Беларусбанка» або «Белгазпрамбанка».
—Таццяна Аляксандраўна, раскажыце, калі ласка, больш падрабязна аб мерах, якія прымаюцца падатковымі органамі, па спыненні ценявой эканомікі.
— У 2015 годзе асаблівая ўвага надаецца аналітычнай працы, накіраванай на выбар аб'ектаў для праверак — у прыярытэце тыя, хто мае высокую верагоднасць здзяйснення правапарушэнняў. Арганізацыя кантрольнай працы з выкарыстаннем такога падыходу дазволіла па выніках праверак дадаткова прыцягнуць у бюджэт больш за 60 млрд рублёў, што ў 2,5 раза больш, чым у 2014-м. Даналічэнні на адну планавую праверку арганізацый склалі 185 млн рублёў.
Акрамя таго, значнае месца займаюць мерапрыемствы, накіраваныя на спыненне фактаў ілжэпрадпрымальніцтва. Выяўлена 5 суб'ектаў гаспадарання, якія дзейнічалі па прынцыпе ілжэструктур. У выніку даналічана 3 млрд рублёў. У ходзе праверак 35 суб'ектаў даказаны факты несапраўднасці першасных уліковых дакументаў па гаспадарчых аперацыях на суму 30 млрд рублёў. Ім прад'яўлена да аплаты 13,5 млрд рублёў.
Праводзіцца мэтанакіраваная кантрольная работа ў дачыненні да фізічных асоб. Выяўлена 460 фактаў незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці, арыштавана ценявых тавараў на суму 5,3 млрд рублёў, а таксама 8 транспартных сродкаў.
Тэндэнцыяй апошніх гадоў з'яўляецца павелічэнне рэалізацыі тавараў, у тым ліку ценявых, праз Інтэрнэт. Намі выяўлена 40 парушэнняў, звязаных з продажам імпартных тавараў праз сусветную павуціну, у выніку арыштавана тавараў на суму 3 млрд рублёў.
Падатковая служба вобласці займаецца спыненнем фактаў незаконнага ўвозу тавараў з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Сумесна з праваахоўнымі органамі ўстаноўлена 160 парушэнняў, звязаных з перамяшчэннем таварных каштоўнасцей, арыштавана тавараў на суму 12 млрд рублёў. Усяго па выніках праводзімай кантрольнай работы з аб'ёмаў ценявой эканомікі вобласці выведзена 270 млрд рублёў. Нягледзячы на гэтую статыстыку, большасць падаткаплацельшчыкаў добрасумленна ставяцца да сваіх абавязкаў.
— Дзякую за гутарку і віншую з надыходзячым 25-годдзем утварэння падатковых органаў.
— Дзякуй. Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць з гэтай падзеяй сваіх калег, супрацоўнікаў і ветэранаў падатковай службы вобласці, падзякаваць ім за нялёгкую працу, якая прыносіць карысць усяму грамадству.
Наталля Камлёва, "Віцебскія весці"