Падатковая запазычанасць плацельшчыкаў Віцебскай вобласці скарацілася за май больш чым на траціну

20 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Запазычанасць перад бюджэтам плацельшчыкаў Віцебскай вобласці скарацілася за май больш чым на траціну і склала на 1 чэрвеня каля Br9,4 млрд. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-цэнтры інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці.

Каля 99% запазычанасці прыпадае на прадпрыемствы і арганізацыі розных форм уласнасці. У мэтах ліквідацыі даўгоў падатковымі інспекцыямі ў прымусовым парадку спагнана звыш Br46,1 млрд., што складае 2,6% ад агульнай сумы бюджэтных паступленняў за пяць месяцаў. Так, з бягучых і іншых рахункаў суб'ектаў гаспадарання, якія маюць запазычанасць перад бюджэтам,  было спісана Br3,5 млрд., за кошт спісання дэбіторскай запазычанасці даўжнікоў у бюджэт прыцягнута Br38,8 млрд. Вынята наяўных грашовых сродкаў у кошт пагашэння запазычанасці на Br1,4 млрд.

Усяго за студзень-май у даход кансалідаванага бюджэту Віцебскай вобласці паступіла звыш Br1,8 трлн., або 108,5% гадавых планавых прызначэнняў, у тым ліку плацяжы ў рэспубліканскі бюджэт склалі больш Br815 млрд. (108% да плана), у мясцовы бюджэт паступіла амаль Br992 млрд. (109%). Дадатковыя даходы бюджэту склалі больш Br142 млрд.

У структуры даходаў удзельная вага падатку на дададзеную вартасць складае 28,3%, акцызаў - 23,6%, падаходнага падатку - 16,9%, падатку на прыбытак - 7,6%. Найбольшую долю плацяжоў забяспечваюць юрыдычныя асобы ўсіх форм уласнасці, якімі сфарміравана 95,1% даходаў бюджэту (у тым ліку дзяржаўнымі прадпрыемствамі 80,1%). Аб'ём падатковых плацяжоў індывідуальных прадпрымальнікаў склаў 2,6% даходаў бюджэту, плацяжы фізічных асоб займаюць каля 1,7% у агульным аб'ёме даходаў. Усяго ў фарміраванні даходнай часткі бюджэту прымаюць удзел звыш 17 тыс. юрыдычных асоб, каля 29 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў і больш 417 тыс. фізічных асоб.-0-