Падатковая запазычанасць плацельшчыкаў Віцебскай вобласці ў студзені-сакавіку скарацілася больш чым у 2 разы

26 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Запазычанасць суб'ектаў гаспадарання Віцебскай вобласці па плацяжах у бюджэт скарацілася ў студзені-сакавіку больш чым удвая і на 1 красавіка 2010 года склала Br7,8 млрд., а яе ўдзельная вага ў гадавым плане даходаў не перавысіла 1% (0,17%), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-цэнтры інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці. Найбольш дысцыплінаваныя плацельшчыкі ажыццяўляюць дзейнасць у Верхнядзвінскім, Глыбокскім, Талачынскім і Ушацкім раёнах, дзе прадпрыемствы, індывідуальныя прадпрымальнікі і фізічныя асобы ў поўным аб'ёме выконваюць падатковыя абавязацельствы. Значнае памяншэнне запазычанасці дасягнута ў выніку комплексу мер, прынятых падатковай службай. Так, з бягучых і іншых рахункаў суб'ектаў гаспадарання было спагнана больш Br112 млрд., а таксама Br30,8 млрд. дэбіторскай запазычанасці. Канфіскавана наяўных грашовых сродкаў амаль на Br1 млрд. У даход дзяржавы ад рэалізацыі канфіскаванай маёмасці паступіла Br2,2 млрд. Усяго ў парадку прымусовага спагнання запазычанасці падатковай службай прыцягнута Br146,4 млрд., што складае 18,4% ад агульнай сумы даходаў бюджэту ў першым квартале. Скарачэнню запазычанасці таксама спрыяла рэструктурызацыя даўгоў 39 сельгаспрадпрыемстваў у адпаведнасці з указам №92 "Аб некаторых пытаннях сельскагаспадарчых арганізацый". Даходы кансалідаванага бюджэту Віцебскай вобласці ў студзені-сакавіку бягучага года склалі Br795,2 млрд., у тым ліку ў рэспубліканскі бюджэт паступіла Br403,5 млрд., у мясцовы - Br391,7 млрд. У структуры даходаў на долю акцызаў прыпадае 34,8% агульнага аб'ёму паступленняў, ПДВ - 18,2%, падаходнага падатку - 13,1%, падатку на прыбытак - 8%. Усяго ў фарміраванні даходнай часткі кансалідаванага бюджэту вобласці прымаюць удзел звыш 455 тыс. плацельшчыкаў, у тым ліку больш за 16 тыс. юрыдычных асоб, амаль 30 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама каля 410 тыс. фізічных асоб.-0-