Падаткоўцы Віцебскай вобласці канфіскавалі пяць аўтамабіляў у нелегальных таксістаў
18 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Падатковыя інспекцыі Віцебскай вобласці выявілі больш за 600 фактаў нелегальнай дзейнасці грамадзян падчас тэматычных праверак у студзені-красавіку 2010 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-цэнтры абласной інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах.
Па выніках кантрольных мерапрыемстваў да адміністрацыйнай адказнасці за паўторныя парушэнні прыцягнута амаль 150 грамадзян, якія ажыццяўлялі незаконную дзейнасць. Сума накладзеных штрафаў склала Br37 млн. У парушальнікаў арыштавана і канфіскавана даходаў ад рэалізацыі, а таксама прадметаў і сродкаў здзяйснення адміністрацыйных правапарушэнняў на суму Br139 млн. Так, за аказанне паслуг па перавозцы пасажыраў без дзяржаўнай рэгістрацыі ў нелегальных таксістаў канфіскавана пяць аўтамабіляў агульным коштам Br70 млн. Акрамя таго, у далейшым 35 чалавек зарэгістраваліся ў якасці падаткаплацельшчыкаў і вядуць дзейнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.
Усяго за чатыры месяцы бягучага года ў выніку тэматычных аператыўных праверак падаткавікоў з ценявога абароту канфіскавана фінансавых сродкаў і таварна-матэрыяльных каштоўнасцей на суму звыш Br620 млн. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута больш за 520 парушальнікаў, памер штрафных санкцый перавысіў Br620 млн.-0-