Падатковыя органы Віцебскай вобласці ў 2010 годзе выявілі амаль тысячу парушэнняў у сферы падакцызных тавараў

17 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Падатковыя інспекцыі Віцебскай вобласці ў 2010 годзе выявілі амаль тысячу парушэнняў заканадаўства, што рэгулюе вытворчасць і абарот падакцызнай прадукцыі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе інспекцыі МПС па Віцебскай вобласці. З нелегальнага абароту канфіскавана амаль 10 тыс. л алкагольнай, нехарчовай спіртазмяшчальнай прадукцыі і піва, 12,5 т нафтапрадуктаў, а таксама каля 1,4 млн штук тытунёвых вырабаў на агульную суму больш за Br327 млн. У даход дзяржавы звернута падакцызных тавараў і выручкі, атрыманай з парушэннем заканадаўства, на агульную суму звыш Br323 млн. Суб'ектам прадпрымальніцкай дзейнасці, якія дапусцілі парушэнні ў сферы вытворчасці і абароту падакцызнай прадукцыі, прад'яўлена да даплаты ў бюджэт Br724 млн. падаткаў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута каля 200 юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама амаль 700 грамадзян. Сума штрафных санкцый склала больш за Br543 млн.-0-