Падатковыя інспекцыі Віцебскай вобласці ў студзені-лютым далічылі ў бюджэт Br2,3 млрд. па выніках праверак
24 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Падатковыя інспекцыі Віцебскай вобласці па выніках кантрольных мерапрыемстваў у студзені-лютым далічылі ў бюджэт больш за Br2,3 млрд. падаткаў і адміністрацыйных штрафаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-цэнтры інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці.
За два месяцы падаткавікі праверылі выкананне заканадаўства больш чым у 1,1 тыс. дзеючых суб'ектаў гаспадарання, пры гэтым парушэнні ўстаноўлены ў 94,7% з іх. Акрамя таго, кантроль за абгрунтаванасцю вяртання ПДВ дазволіў прадухіліць незаконнае ўтрыманне з бюджэту гэтага падатку ў памеры Br6,6 млрд.
Так, падаткавікі выявілі парушэнні з боку шасці суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль вырабамі з натуральнага меха ў гандлёвых цэнтрах. Пры праверках устаноўлена адсутнасць дакументаў на вырабы, якія рэалізуюцца, што пацвярджаюць легальнасць іх набыцця. У выніку было арыштавана і канфіскавана тавараў на суму больш за Br330 млн. У дачыненні да трох парушальнікаў гаспадарчы суд вобласці ўжо вынес пастанову аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу на агульную суму больш за Br3 млн. і канфіскацыі тавару на Br228 млн.
Усяго ў студзені-лютым даходы кансалідаванага бюджэту Віцебскай вобласці склалі Br649,2 млрд., у тым ліку ў рэспубліканскі бюджэт паступіла Br262,5 млрд., у мясцовы - Br386,7 млрд. Найбольшую долю плацяжоў забяспечваюць юрыдычныя асобы ўсіх форм уласнасці, якія сфарміравалі 95,6% даходаў бюджэту (у тым ліку дзяржаўныя прадпрыемствы 75,2%). Аб'ём падатковых плацяжоў індывідуальных прадпрымальнікаў склаў 2,9% даходаў бюджэту, плацяжы фізічных асоб займаюць каля 1,6% у агульным аб'ёме даходаў.
Па дадзеных на 1 сакавіка, запазычанасць суб'ектаў гаспадарання Віцебскай вобласці па плацяжах у бюджэт склала Br9,6 млрд. і скарацілася за люты на Br1,4 млрд. У парадку прыняцця мер прымусовага спагнання запазычанасці падатковыя органы вобласці ліквідавалі недаімку бюджэту на суму больш за Br18,2 млрд., або 2,8% агульнай сумы паступленняў у бюджэт.-0-