Наймальнікі і прафсаюзы ў Віцебскай вобласці недастаткова клапоцяцца пра ўмовы харчавання работнікаў - КДК

23 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Наймодаўцы і прафсаюзы некаторых прадпрыемстваў у Віцебскай вобласці надаюць недастаткова ўвагі ўмовам і кошту харчавання сваіх работнікаў. Да такіх высноў прыйшлі спецыялісты Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці пасля праверкі 11 аб'ектаў грамадскага харчавання, якія забяспечваюць гарачым харчаваннем рабочых і служачых на прамысловых прадпрыемствах вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў кантрольным ведамстве. Так, у сталоўцы ААТ "Віцебскія дываны" нацэнка грамадскага харчавання менш чым за год узрасла з 25% да 45%. У сталоўцы харчуецца прыкладна пятая частка працаўнікоў у максімальную змену. У той жа час у сталоўцы Віцебскага філіяла РУП "Белтэлекам" нацэнка грамадскага харчавання складае ўсяго 10%. У адпаведнасці з калектыўным дагаворам арганізацыя выдзяляе сродкі на харчаванне супрацоўнікаў. У ходзе праверак таксама выяўлены шэраг выпадкаў перавышэння гранічнага памеру гандлёвай надбаўкі на сацыяльна значныя тавары. Ва ўсіх аб'ектах грамадскага харчавання ўстаноўлены парушэнні правілаў гандлю, санітарных нормаў і правілаў, парадку выкарыстання вагавымяральнага абсталявання, вядзення бухгалтарскага ўліку. У сталоўках ААТ "Віцебскія дываны", ААТ "ВЗЭП" для прыгатавання страў выкарыстоўваліся мясныя буйнакускавыя паўфабрыкаты з пратэрмінаванымі тэрмінамі прыдатнасці. Акрамя таго, пры праверцы сталоўкі ААТ "ВЗЭП" устаноўлены факты парушэння патрабаванняў правілаў бясплатнага забеспячэння работнікаў малаком або раўназначнымі харчовымі прадуктамі пры рабоце з шкоднымі рэчывамі. На працягу мінулага года і першага квартала бягучага работнікам, якія кантактуюць з неарганічнымі злучэннямі свінцу, дадаткова да малака або кісламалочных прадуктаў пекціназмяшчальныя прадукты не выдаваліся. Усяго па прадпрыемстве штомесяц павінны быць забяспечаны пекціназмяшчальнымі прадуктамі каля 50 чалавек. Выдача такіх прадуктаў адноўлена падчас праверкі толькі ў красавіку. Па выніках праверак да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 32 чалавекі з накладаннем штрафаў на суму Br6,1 млн., да дысцыплінарнай адказнасці - 11 чалавек. У цяперашні час арганізацыя харчавання работнікаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях вобласці ажыццяўляецца пераважна самімі прадпрыемствамі. У Віцебску, Оршы, Полацку і Наваполацку налічваецца 148 вытворчых арганізацый. У 77 арганізацыях (52%) маецца 122 аб'екты грамадскага харчавання на 7 тыс. месцаў. Ахоп харчаваннем працаўнікоў на прадпрыемствах застаецца нізкім і складае ад 7% да 25%. Як лічаць у КДК, не вырашаны праблемы арганізацыі дыетычнага харчавання рабочых: асобныя дыетычныя стравы, якія ўключаюцца ў меню, не здымаюць праблемы. -0-