Народныя майстры Віцебскай вобласці рыхтуюцца прыняць удзел у свяце «Александрыя збірае сяброў»

Народныя майстры Віцебшчыны рыхтуюцца прыняць удзел у рэспубліканскім свяце “Александрыя збірае сяброў“, якое сёлета пройдзе 11 – 12 ліпеня.

Як распавялі ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, адной з галоўных асаблівасцей Купалля ў аграгарадку Александрыя Магілёўскай вобласці стане “Свята народнага касцюма”. Кожная вобласць падрыхтуе тэматычную экспазіцыю – беларускае падвор’е, аформленае пад прэзентацыю рэгіянальных строяў. А пачнецца свята з параду-дэфіле, у якім ад нашай вобласці будзе прадстаўлена дваццаць традыцыйных касцюмаў, адноўленых у Гарадоцкім, Лёзненскім, Сенненскім, Бешанковіцкім, Аршанскім дамах рамёстваў. Завершыцца паказ дэманстрацыяй калекцый рэканструяванага беларускага касцюма, адзення ад навукова-вытворчага рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства беларускіх народных рамёстваў «Скарбніца», Аршанскага льнокамбіната і ААТ «Цэнтр моды».

– На нашым падвор’і разгорнецца выстава-продаж вырабаў народных промыслаў, пройдуць майстар-класы. У экспазіцыі будуць прадстаўлены беларускія атракцыёны, лялькі ў натуральную велічыню, аніматары прапануюць прыняць удзел у гульнях і конкурсах. З канцэртнымі праграмамі выступяць народны ансамбль народнай песні “Весялуха“, калектыў бытавых танцаў ”Кружалі“ і тэатр гульні Бешанковіцкага раённага цэнтра культуры, калектывы з Оршы, – патлумачыла вядучы метадыст АМЦНТ Вольга Мульц.

У павільёне будзе арганізаваны паказ мужчынскага і жаночага традыцыйнага касцюма, аксесуараў з рэгіёнаў Віцебшчыны. Дадзеная калекцыя даследавана майстрамі дамоў рамёстваў і апісана вядучымі метадыстамі АМЦНТ – Нінай Бабровіч і кандыдатам мастацтвазнаўства Людмілай Вакар.

Традыцыйна ў рамках свята пройдзе «Александрыйская кірмаш», на якой будзе прадстаўлена дэкаратыўна-прыкладная творчасць розных рэгіёнаў Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі. У Горадзе майстроў адкрыюцца майстэрні па чаканцы, вязанні, лоскутным шыцці, мастацкай разьбе; пляценні, роспісе па дрэве і іншыя. Секрэтамі свайго рамяства падзеліцца майстар-кераміст, дырэктар Бешанковіцкага Дома рамёстваў Алеся Аўчыннікава. Народныя майстры Рэспублікі Беларусь Марына Гушча і Васіль Сіманковіч прадставяць ажурнае ткацтва, спіральнае пляценне, дэкаратыўныя вырабы з саломы.

"Віцебскія весці", фота з адкрытых крыніц.