Народнае свята "Кузьмінкі" адраджаюць у Полацкім раёне

Народнае абрадавае свята \"Кузьмінкі\" адраджаюць у Полацкім раёне, паведамілі ў прэс-службе мясцовага райвыканкама.

Восеньскае абрадавае свята ўраджаю і Рода \"Кузьмінкі\" пройдзе ў аграгарадку Зялёнка 8 кастрычніка. Яго ўсё яшчэ добра памятаюць старажылы, таму 5 гадоў па іх аповядах мастацкі кіраўнік Зялёнкаўскага сельскага Дома культуры Алена Фурс разам з жыхарамі аграгарадка збірала інфармацыю, каб адрадзіць, узнавіць усе этапы абрадавых дзеянняў, характэрных для зялёнкаўскай мясцовасці. На мерапрыемства з'едуцца прадстаўнікі сельвыканкамаў, устаноў культуры, жыхары іншых населеных пунктаў раёна. Больш за 60 удзельнікаў (каманды па 4 чалавекі - мужчыны да 30 гадоў, замужнія жанчыны ад 55 гадоў і старэйшыя і незамужнія да 27 гадоў) згатуюць і прынясуць з сабой салодкія ўпрыгожаныя пудзілы, пакажуць свае ўменні і веды, майстэрства ў народнай творчасці.

Традыцыйна пудзіла - сімвал цяжкай працы з вясны да восені, цярпення, пражытага адрэзка жыцця. У народнае свята, звязанае з імем Кузьмы, жыхары дзякуюць прыроду за шчодрыя дары восені: агародніну, садавіну, кветкі, збожжа, ягады і іншае. У гэты дзень ушаноўваюцца ўсе, хто добра працаваў на восеньскім зборы ўраджаю. Пачнецца народнае гулянне з умаслівання Кузьмы (якога ўяўлялі як курынага бога) праз пачастункі курыным булёнам, курнікамі і курынай кашай. Таму гэты дзень часта называлі \"курыныя імяніны\", \"курынае свята\", \"пеўнік\". Затым удзельнікі спаборніцтваў будуць кідаць манеты ў гарбуз, чытаць прыказкі пра сям'ю і мудрасць. Разгорнуцца народныя танцавальныя паядынкі, пройдзе народнае галасаванне за лепшы двор аграгарадка. Эстафету гулянняў працягнуць тэатралізаванае прадстаўленне і забаўляльная праграма. Наступным этапам стане аб'яўленне кузьмінскіх агледзінаў або кузьмінскіх цалаванняў. З даўніх часоў на Кузьмінкі заўсёды праходзілі агледзіны нявест, знаёмства моладзі, сумесныя гульні і ўхажванні. Затым удзельнікі гульняў вытрасуць з Кузьмы салому, стануць на яе і пад частушкі на любоўную тэматыку станцуюць на час з іншымі камандамі. Апошнім абрадам народнага гуляння стане спаленне пудзіла, што па павер'і

азначае пакінуць усе цяжкасці ззаду і сустрэць разважлівае спакойнае жыццё. Народнае свята "Кузьмінкі" у Зелянцы стане узорна-паказальным мерапрыемствам і дасць старт правядзенню аналагічных святаў на тэрыторыі іншых сельсаветаў Полацкага раёна.

Кацярына Князева - БЕЛТА.