Насельніцтва Беларусі павінна спакойна ставіцца да нязначных ваганняў курсаў валют - П.Пракаповіч
29 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Насельніцтва Беларусі павінна спакойна ставіцца да нязначных ваганняў курсаў валют. Такое меркаванне выказаў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч 26 сакавіка падчас дакладу Прэзідэнту Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Як далажыў Пётр Пракаповіч, курс беларускага рубля да кошыка валют па выніках двух месяцаў 2010 года застаецца стабільным, прагназуемым і цалкам адпавядае Асноўным напрамкам грашова-крэдытнай палітыкі. За гэты перыяд курс беларускага рубля да кошыка замежных валют скараціўся на 0,7% (пры намечаным калідоры ў +/- 10%).
Што тычыцца ваганняў унутры кошыка, то, як растлумачыў кіраўнік Нацбанка, гэта залежыць ад ваганняў валют, якія ўваходзяць у склад кошыка, а менавіта долара, еўра і расійскага рубля. "На жаль, гэтыя валюты непрадказальныя, ваганні іх значныя, у асобныя дні бываюць нават каля 1%. Ідзе пастаяннае ваганне долара да еўра, долара да расійскага рубля. Пры гэтым, натуральна, гэтыя ваганні адбіваюцца і ў нас у рэспубліцы", - сказаў Пётр Пракаповіч.
Ён таксама нагадаў, што ў апошні час назіраліся працэсы ўмацавання долара і аслаблення еўра. На думку старшыні праўлення Нацбанка, складана прагназаваць гэтыя працэсы ў далейшым, аднак, улічваючы пастаяннае змяненне сітуацыі, можна чакаць у бліжэйшы час умацавання еўра.
Пётр Пракаповіч лічыць, што грамадзяне краіны павінны да гэтых працэсаў ставіцца спакойна. "Галоўнае - у нас няма ваганняў беларускага рубля да кошыка валют, і тое, што мы абяцалі на пачатку года захаваць ваганні ў межах калідора +/- 10% і не выйсці за яго межы, мы выканаем. Ёсць усе магчымасці да канца года ўмацаваць нацыянальную валюту. Таму насельніцтва павінна спакойна ставіцца да тых нязначных ваганняў, якія назіраюцца сёння на рынку валют", - падкрэсліў кіраўнік Нацбанка.-0-