Насельніцтва Віцебскай вобласці аддае перавагу хадзіць на канцэрты і ў кіно

24 чэрвеня, Расоны /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Насельніцтва Віцебскай вобласці аддае перавагу наведванню канцэртаў, кіно, музеяў і выстаў. Такія высновы можна зрабіць пасля аналізу тэмпаў росту платных паслуг насельніцтву, якія на выязным пасяджэнні аблвыканкама прадставіў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Так, тэмп росту паслуг ад канцэртнай дзейнасці перавысіў 160%, ад наведвання кінасеансаў - амаль столькі ж, ад наведвання музеяў і выстаў - звыш 130%. Такому росту спрыяла ўкараненне новых форм работы, стварэнне дамоў сацыяльна-культурных паслуг, цэнтраў народнай творчасці. Музеі сталі больш праводзіць асветніцкіх лекцый і перасоўных выстаў. Разам з тым тэмп росту платных паслуг у студзені-красавіку бягучага года ў цэлым па вобласці склаў 105,9%, пры прагнозным паказчыку 113-114%. Па тэмпах росту паслуг вобласць займае другое месца ў рэспубліцы (без уліку сталіцы), па спажыванні паслуг на аднаго жыхара - шостае месца. Старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец выказаў незадаволенасць такім становішчам спраў. Па яго словах, у камітэта эканомікі аблвыканкама адсутнічае сістэма мер па развіцці платных паслуг. У сувязі з гэтым ён даручыў правесці сярод насельніцтва вобласці ў кожным населеным пункце сацыялагічнае апытанне, якое дапамагло б выявіць патрэбы людзей у новых паслугах, развіцці бытавых, транспартных паслуг. Губернатар таксама падкрэсліў, што ў адукацыі і ахове здароўя падыходзіць да нарошчвання паслуг варта вельмі асцярожна і абдумана.-0-